Ніхто не застанецца не пакараным за знос храма — пастар царквы "Новае Жыццё"
Разбураны будынак царквы "Новае жыццё" / кадр з відэазвароту Вячаслава Ганчарэнкі
Абуральным беззаконнем назваў знос царкоўнага будынка пастар пратэстанцкай царквы "Новае жыццё" Вячаслаў Ганчарэнка. Відэазварот з нагоды разбурэння ён размясціў у сацсетках.
"Нейкі час таму яго ў нас адабралі, потым разарылі, а цяпер ён разбураны, ён разбураецца проста цяпер, на нашых вачах. Вы бачыце. Там трактар ездзіць. Усё, што было нашым храмам, цяпер разваліны", — кажа Ганчарэнка.
Ён звярнуўся да тых, хто прымаў рашэнне пра знос будынка і ўдзельнічаў у гэтым: "Гора вам. І пабойцеся Бога. Таму што Яго суд узгарыцца неўзабаве. Ніхто не застанецца не пакараным, хто дакрануўся да святога".
Усім, хто падтрымлівае царкву, Ганчарэнка пажадаў цярпення, веры, кахання.
"Будзем працягваць свой шлях, будзем ісці далей, будзем верыць, працягваць імкнуцца да таго, што Бог вызначыў для нас. І я веру, што адчыняцца новыя дзверы", — заявіў ён.
Як распавядала Еўрарадыё, знос будынка царквы "Новае жыццё" пачаўся 20 чэрвеня. Вернікі 30 гадоў таму атрымалі ў карыстанне занядбаны кароўнік, які адрамантавалі і выкарыстоўвалі ў якасці малітоўнага дома.
На пачатку 2000-х улады пачалі змаганне з гэтай царквой. У 2005-м іх пазбавілі права карыстання зямельным участкам (раней ён быў атрыманы бестэрмінова), у 2009-м — права ўласнасці на будынак. У 2020-м суд прыняў рашэнне пра вызваленне будынка да канца года. Узімку 2021-га вернікаў "Новага жыцця" прымусова выселілі з малітоўнага дома. Апошнім часам яны штонядзелю маліліся на вуліцы побач з былой царквой.
Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка на пачатку шырокамаштабнай расійскай агрэсіі ва Украіну выказаўся супраць вайны, супраць удзелу Беларусі ў гэтай вайне і заклікаў маліцца за захаванне суверэнітэту Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.