Пасля адміністрацыйнага арышту выйшаў пастар Вячаслаў Ганчарэнка
Вячаслаў Ганчарэнка / t.me/christianvision
Пасля 10 сутак адміністрацыйнага арышту 24 жніўня выйшаў на волю пастар пратэстанцкай царквы "Новае жыццё" Вячаслаў Ганчарэнка, піша тг-канал "Хрысціянская візія".
Як распавядала Еўрарадыё, пастара затрымалі 14 жніўня. У яго дом уварваліся 20 аўтаматчыкаў з ГУБАЗіК і правялі ператрус. Асудзілі яго паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў).
Разам з Ганчарэнкам быў затрыманы яго зяць Ілля Будай. Яго асудзілі на 5 сутак.
Пасля вызвалення Ганчарэнка запісаў для вернікаў сваёй царквы кароткі відэазварот з падзякай за малітвы: "Прывітанне ўсім! Іду дадому! Дзякуй усім, хто маліліся, Гасподзь быў са мной, я гэта адчуваў. Усіх люблю, абдымаю, да сустрэчы!"
У 2020-м Вячаслаў Ганчарэнка асудзіў гвалт з боку сілавікоў. У 2022-м ён публічна выступіў супраць расійскай агрэсіі ва Украіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.