Пастара царквы "Новае Жыццё" асудзілі на 10 сутак
Вячаслаў Ганчарэнка / svaboda.org
Пастара пратэстанцкай царквы "Новае жыццё" Вячаслава Ганчарэнку асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, паведамляе тг-канал "Хрысціянская візія".
Яго прызналі вінаватым у парушэнні артыкула 24.3 КаАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў).
Зяць пастара Ілля Будай асуджаны на пяць сутак арышту паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Верніка абвінавацілі ў тым, што ён нібыта "выкарыстаў нецэнзурную лексіку і размахваў рукамі".
Як распавядала Еўрарадыё, 14 жніўня ў доме пастара Ганчарэнкі 20 аўтаматчыкаў ГУБАЗіК правялі ператрус. Самога пастара і ягонага зяця затрымалі.
Вячаслаў Ганчарэнка ў 2020 годзе асудзіў дзеянні ўладаў і гвалт з боку сілавікоў. У 2022-м годзе ён публічна асудзіў агрэсію Расіі супраць Украіны.
Улады пасля доўгага супрацьстаяння канфіскавалі будынак царквы і сёлета ў чэрвені знеслі яго.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.