Сілавікі затрымалі пастара царквы "Новае жыццё" Вячаслава Ганчарэнку
Пастар Вячаслаў Ганчарэнка / ex-press.by
Увечары 14 жніўня ў сваім доме быў затрыманы пастар пратэстанцкай царквы "Новае жыццё" Вячаслаў Ганчарэнка, паведамляе тг-канал "Хрысціянская візія".
У дом уварваліся 20 аўтаматчыкаў з ГУБАЗіКа. Яны правялі ператрус у доме, затрымалі Ганчарэнку і яго зяця Іллю Будая.
"Некалькі дзён раней царква атрымала апавяшчэнне, што ў судзе будзе разгледжанае пытанне аб прызнанні экстрэмісцкімі некаторых пропаведзяў пастара Ганчарэнкі (дзе была дадзеная духоўная ацэнка дзеянням уладаў пасля "выбараў" 2020)", — піша ў сацсетках юрыст царквы Сяргей Луканін.
Дарэчы, нядаўна царква "Новае жыццё" атрымала два папераджальныя лісты: адзін з іх прадугледжваў прызнанне прадукцыі царквы экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Вячаслаў Ганчарэнка ў 2020-м асудзіў гвалт з боку сілавікоў. У 2022-м ён публічна выступіў супраць расійскай агрэсіі ва Украіне.
Улады забралі ў царквы будынак і ў чэрвені 2023-га знеслі яго.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.