Паводка ў Парыжы дасягнула свайго піку, вада больш не прыбывае
У Парыжы ўзровень вады ў рацэ Сена пачаў паступова зніжацца пасля рэзкага павышэння ў пятніцу, у выніку моцных дажджоў. За апошнія 34 гады гэта наймацнейшая паводка ў французскай сталіцы — узровень вады ўзняўся на 6 метраў вышэй за норму.
Як перадае ВВС, з-за пагрозы паводкі часткова зачынілі парыжскае метро, некаторыя турыстычныя славутасці, сярод якіх Луўр і Музей Арсэ, а таксама многія паркі і могілкі.
Хоць сіноптыкі і прагназавалі, што ўзровень вады ў Сене падымецца яшчэ на паўметры, у суботу ён стабілізаваўся. Цяпер ён пачынае зніжацца.
Але ж пры гэтым у Парыжы захоўваецца “аранжавы ўзровень” метэаралагічнай небяспекі. Паводка ўжо стала прычынай шэрагу здарэнняў: загінулі 4 чалавекі, 42 траўмаваныя. Каля 17 тысяч жыхароў Парыжа і прадмесцяў засталіся без электрычнасці. Матэрыяльная шкода ад стыхіі ацэньваецца ў 600 мільёнаў еўра — столькі грошай павінны будуць выплаціць страхавыя кампаніі пацярпелым ад паводкі.
Парыжане традыцыйна правяраюць узровень вады ў Сене па статуі ваяра, вядомай як “Зуаў” — гэты манумент стаіць пад мостам Альба. На сёння вада даходзіць статуі па пояс. Наймацнейшая паводка ў сталіцы Францыі адбылася ў 1910 годзе, калі вада ўзнялася на 8,62 метра і затапіла Зуава па шыю.