Павысілі і панізілі: як склаўся лёс сведак па "справе студэнтаў"
Фігуранты "справы студэнтаў" / @viasna96
Як мінімум двое сведак па "справе студэнтаў" пасля ўдзелу ў працэсе прасунуліся па кар'ернай лесвіцы, адзначае Deutsche Welle. Днямі спаўняецца паўгода з моманту вынясення прысуду 12 фігурантам гэтай справы, студэнтам, а таксама выпускніцы медуніверсітэта Алане Гебрэмарыям і выкладчыцы Вользе Філатчанкавай.
Сведкамі па справе праходзілі выкладчыкі і прадстаўнікі ВНУ. У часткі з іх прафесійнае жыццё прыкметна змянілася. На павышэнне пайшлі намеснік дэкана факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Кацярына Зуева і былы выкладчык факультэта журналістыкі БДУ Фёдар Драбеня. Зуева стала начальнікам упраўлення па выхаваўчай працы з моладдзю БДУ, Драбеня — дэканам факультэта прафесійнага развіцця спецыялістаў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
Частка сведак — прадстаўнікі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта — страціла ў статусе. У прыватнасці, пасады рэктара пазбавілася Наталля Баранава, якая 25 гадоў узначальвала універсітэт. А на той момант прарэктар па вучэбна-выхаваўчай рабоце МДЛУ Уладзімір Пашкевіч цяпер працуе дацэнтам кафедры. На судзе Пашкевіч выступаў сведкам у абарону студэнта. Са старонкі рэктарата ВНУ знікла і прозвішча прарэктара па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі Аляксея Дзербіна.
Прысуд па справе быў вынесены ў ліпені 2021 года. 11 чалавек атрымалі па 2 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму, толькі адзін студэнт, які прызнаў віну, — 2 гады калоніі.
Асуджаныя дзяўчаты адбываюць пакаранне ў гомельскай калоніі. Былая студэнтка БНТУ Анастасія Булыбенка цяпер працуе на швейнай фабрыцы гладзільшчыцай. Студэнтка факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Ксенія Сырамалот — закройшчыцай на швейнай вытворчасці. Экс-выкладчыцы БДУІР Вользе Філатчанкавай у калоніі давялося стаць швачкай.
Усе фігуранты гэтай справы прызнаныя палітвязнямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.