Пажар на балоце Ельня ліквідавалі

Пасля пажару на балоце Ельня

Пасля пажару на балоце Ельня / Мінлясгас

Пажар на тэрыторыі рэспубліканскага заказніка "Ельня" ў Віцебскай вобласці ліквідавалі, паведамляе прэс-служба Мінлясгасу.

З агнём змагаліся каля 40 супрацоўнікаў Дзісненскага лясгаса. Для тушэння агню выкарыстоўваліся 6 мотапомпаў, а таксама больш за 2 км напорных пажарных рукавоў.

Спецыялісты адзначаюць, што ачаг узгарання размяшчаўся за 7 кіламетраў ад найбліжэйшых пад'язных шляхоў. Таму абсталяванне і інвентар работнікаў Дзісненскага лясгаса дастаўлялі да месца балотаходам на пнеўматычным хаду.

Эксперты кажуць, што прычынай узгарання "з вялікай доляй верагоднасці" стаў чалавечы фактар. У якасці асноўных версій называюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём з боку рыбакоў (побач ёсць возера) альбо ягаднікаў (якраз цяпер у разгары журавінавы сезон).

Як распавядала Еўрарадыё, агонь заўважылі раніцай у суботу каля возера Чорнае і вострава Альшэўскі. Два дні з пажарам змагаліся валанцёры і работнікі лясніцтва.

Балоту Ельня больш за 9 тысяч гадоў, а па плошчы яго можна параўнаць з Мінскам. Гэта ўнікальная экасістэма, у якой жыве больш за сотню відаў птушак. Вялізны пажар тут адбыўся ў 2002 годзе: тады Ельня выгарэла на 70%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі