Пазняк: сабраліся на адной хвалі: “Абы не Лукашэнка”
Лідар КХП-БНФ, палітэмігрант Зянон Пазняк у чарговы раз негатыўна выказаўся пра патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі Віктара Бабарыку (знаходзіцца за кратамі) і Валерыя Цапкалу.
"І ўсе, акрамя ўзурпатара, сабраліся на адной хвалі: “Абы не Лукашэнка”, — піша палітык. — Гісторыя паказвае (і ў нас, і ва Украіне, і ў іншых месцах), што такая хваля вельмі небяспечная для будучыні нацыі".
Паводле слоў Пазняка, "узбуджаны матэрыяльны электарат пад уплывам агентуры Масквы з добрымі намерамі здольны знішчыць сваю будучыню (і нават будучыню наступнага пакалення)".
Цікава, што Зянон Пазняк, як раней Аляксандр Лукашэнка, згадваючы пра Бабарыку, не назваў яго прозвішча. Ён апярэджвае час, калі сцвярджае, што той ужо "зарэгістраваны кандыдатам". Насамрэч, рэгістрацыя яшчэ наперадзе.
У чарговай публікацыі Пазняка найбольш дасталося Цапкалу: "дэгрэдаваў у сістэме і стаў чужаком". Палітэмігранта абурае, што гэты прэтэндэнт спадзяецца на дапамогу Расіі, а 3 ліпеня апрануў савецкі мундзір.
Жывы эфір. Задавайце пытаньні Валеру Цапкалу! https://t.co/g6ZkKDtqns
— Радыё Свабода (@svaboda) July 6, 2020
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.