Пенсіянерку, каля якой зваліўся міліцыянт, вінавацяць у хуліганстве
На 63-гадовую гродзенскую пенсіянерку Станіславу Дамшэль пачалі справу за хуліганства пасля таго, як яна схадзіла на выбарчы пікет Святланы Ціханоўскай.
29 траўня жанчына прыйшла на Савецкую плошчу, каб паставіць подпіс за вылучэнне Святланы Ціханоўскай. Аднак у гэты дзень адбылася правакацыя і затрыманне Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 15 чалавек. Калі пачаліся затрыманні, да ног жанчыны паваліўся супрацоўнік міліцыі. Другі, як кажа гродзенка, штурхнуў яе і парваў сумку.
"У гэты дзень я нечакана стала сведкай, калі бедны і маленькі міліцыянт ўпаў да маіх ног. А другі, яго калега, як я памятаю, так уцякаў, што штурхнуў мяне з усёй сілы, кінуўшы сябра на асфальце і крычаў ў рацыю "АМАП! АМАП!". Парваў мне сумку. Ён бачыў, што яго сябар валяецца на асфальце, але яму было ўсё роўна. Я была ў шоку ад усяго гэтага і добра, што мяне ззаду нехта падтрымаў. Так бы і я ўпала. Зараз у 63 гады мяне хочуць зрабіць хуліганкай", — перадае hrodna.life словы Станіславы Дамшэль.
9 чэрвеня да пенсіянеркі тройчы пры'ходзілі міліцыянты — спярша ў форме, потым два разы ў цывільным. Жанчына ім не адчыняла і размаўляла з наведвальнікамі праз дзверы або з гаўбца.
Гродзенка распавядае, што спачатку ёй прапаноўвалі праехаць з імі, а ў другі раз сказалі, што на яе пачалі адміністрацыйную справу за дробнае хуліганства.
"Да іх толькі выйдзі — адразу затрымліваюць. А я на самаізаляцыі дома і нікога не пускаю. Я ім сказала, што нікому нічога не павінна і падпісваць нічога не буду. За ўсё сваё жыццё ні аднаго чалавека не ўдарыла і не пакрыўдзіла. За што на мяне завялі справу?" — не разумее Дамшэль.
Адзін з міліцыянтаў паведаміў жанчыне, што ёй пагражае штраф ад 54 да 810 рублёў (ад 2 да 30 базавых велічыняў) або 15 сутак арышту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.