Перакладчык Муракамі: Трасянка напружвае слых. Такога эфекту і хацеў дамагчыся
Адзін з герояў апавядання "Yesterday" Харукі Муракамі (кніга "Мужчыны без жанчын") размаўляе на кансайскім дыялекце японскай мовы. У рускім перакладзе Андрэя Замілава кансайскі дыялект ператвараецца ў... нашу трасянку.
Перакладчык кажа, што яго забаўляе такая цікавасць беларускіх СМІ пасля публікацыі фрагмента з трасянкай. Але на кантакт, як нам здаецца, ідзе з ахвотай.
Еўрарадыё: Як з'явілася думка перадаць кансайскі дыялект трасянкай?
Андрэй Замілаў: Не памятаю, чаму менавіта трасянка. Трэба было паставіць рускамоўнага чытача ў сітуацыю, калі ён разумее, але не так гладка, як калі б на роднай мове. Вядома, такія рэчы без native speaker немагчымыя.
Еўрарадыё: Ці ведалі вы да гэтага выпадку пра існаванне трасянкі?
Андрэй Замілаў: Ну, спецыяльнасць лінгвіста такое прабачвае.
Еўрарадыё: Ці былі вы калі-небудзь у Беларусі? Ці чулі беларускую мову, як яна гучыць?
Андрэй Заміль: У Беларусі я не быў, а мова... ну хто ж у савецкія часы не слухаў "Песняроў"?
Еўрарадыё: Але беларускую мову разумееце?
Андрэй Замілаў: Лінгвіст, карыстаючыся навыкамі, можа ўлоўліваць асноўную канву маўлення роднасных моў. Напрыклад, у Японіі бывае, што жыхары поўдня з цяжкасцю разумеюць гаворку паўночных дыялектаў. Гэта абумоўлена шэрагам гістарычных фактараў, але прысутнічае па гэты дзень, праз 400 гадоў пасля аб'яднання краіны.
Пад публікацыяй на сайце "Медуза" некаторыя людзі, якія разумеюць кансайскі дыялект, паставіліся да такой паралелі крытычна. Але мы палічылі, што для рускамоўнага чытача трасянка хай не ідэальна, але ўпішацца ў тэкст, прычым, лепш, чым адэскі, скажам, суржык.
Да таго ж, мы — роднасныя народы, якія размаўляюць на гістарычна блізкіх мовах.
Еўрарадыё: У перакладах дыялекты звычайна перадаюць дыялектамі. Але трасянка — не дыялект, а змяшаная форма гаворкі. Наколькі ў дадзеным выпадку гэта карэктна?
Андрэй Заміль: Ведаеце, гэта тэма для асобнай гутаркі. Дыялекты рускай наўрад ці былі б дарэчныя, а трасянка, увогуле, зразумелая, але ўсё ж напружвае слых. Менавіта такога эфекту і хацелі дамагчыся. Каб чытачы натуральна ўспрымалі рэплікі галоўнага героя, але пры гэтым крыху "завісалі" на фразах яго суразмоўцы.
Паступова галоўны герой прыходзіць да высновы, што яго суразмоўца асвоіў не проста осакскі варыянт кансайскага дыялекту, а нейкі слэнг бейсбольных заўзятараў пэўнага (я так думаю, працоўнага) раёна горада, якіх у Осацы 23. Напэўна, гэта і можа паслужыць адказам на пытанне, чаму менавіта трасянка.