Перанесены разгляд пытання пра новыя зборы на пакупкі ў замежных інтэрнэт-крамах

Перанесены разгляд пытання пра новыя зборы на пакупкі ў замежных інтэрнэт-крамах

У панядзелак у другой палове дня стала вядома. што разгляд пытання пра новыя зборы на пакупкі ў замежных інтэрнэт-крамах перанесены. Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі вырашыў, што яно патрабуе дадатковай прапрацоўкі. Таму разгляд запланаваны на пачатак наступнага месяца (прыблізнай датай называецца 2 снежня), паведамляе "Коммерсант".

Як паведамляла Еўрарадыё, планавалася прыняць больш жорсткі варыянт рэгулявання трансгранічнага інтэрнэт-гандлю. Нібыта, існуюць два праекты. У першым з іх прапануецца вызваліць ад мытных плацяжоў тавары, якія танней 22 еўра і важаць менш за 1 кг. За пасылкі з таварамі, якія каштуюць 22-150 еўра і важаць 1-10 кг, давядзецца заплаціць збор у памеры 15 еўра. Калі ж тавары каштуюць больш за 150 еўра, а вага перавышае больш за 10 кілаграмаў, да збору ў памеры €15 дадаецца 30% ад мытнага кошту (аднак, не менш за 4 еўра за 1 кг).

Паводле другога праекту, тавары з мытным коштам да 150 еўра і вагой не больш за 10 кг абкладуць зборам у памеры 10 еўра. Калі ж больш за 150 еўра і 10 кг, да 10 еўра збору дадаецца 30% ад мытнай цаны тавару (але таксама не менш за 4 еўра за 1 кг).

На сённяшні дзень грамадзяне вызваленыя ад пошлін на тавары, набытыя ў замежных інтэрнэт-крамах, калі іх кошт не перавышае 1 тысячу еўра, а вага — 31 кг. У выпадку перавышэння гэтых лічбаў трэба заплаціць пошліну ў памеры 30% ад мытнага кошту (але не менш за 4 еўра за 1 кг).

Паводле звестак расійскага выдання, катэгарычна супраць новаўвядзення выступіў Казахстан. У гэтай краіне, як і ў Расіі, бязмытны парог складае 1 тысячу еўра. Арменія прапануе знізіць яго да 400 еўра (менавіта такую суму складае норма ў гэтай краіне), а Беларусь, дзе парог складае 200 еўра, падтрымлівае любое зніжэнне і не супраць любога з двух варыянтаў.

Фота: Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі