Піневіч пракаментаваў адток медыкаў з Беларусі за мяжу

Дзмітрый Піневіч / sb.by
Дзмітрый Піневіч / sb.by

Штогод з Беларусі з'язджаюць каля 200-250 медработнікаў, заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу АНТ міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Палітычная сітуацыя ў краіне, па яго словах, на колькасць медыкаў, якія з'ехалі,  не паўплывала.

"Да нейкіх там пандэмічны сітуацый, палітычных сітуацый — тое, што спрабуюць педаліраваць. 200-250 чалавек у год з'язджаюць за мяжу з мэтай працягу сваёй працоўнай дзейнасці там", — сказаў ён.

Пры гэтым міністр нагадаў, што чатыры беларускія медыцынскія вну штогод выпускаюць больш за 2,5 тысяч спецыялістаў. Акрамя таго, адзначыў Піневіч, адток медыцынскіх кадраў — праблема ўсіх краін.

У Беларусі, па яго словах, плануюць стымуляваць медыкаў вярнуцца назад. Адной з такіх мер можа стаць павышэнне аплаты працы. Піневіч адзначыў, што беларускія медыкі цяпер маюць сур'ёзныя надбаўкі і "сярэдні заробак амаль адпавядае сярэднееўрапейскім паказчыкам". І цяпер ідзе праца над тым, каб пасля пандэміі сярэдні заробак быў прыкладна як з "кавіднымі надбаўкамі".

Яшчэ плануецца перагледзець сацпакеты для медыкаў і падумаць над большай абароненасцю медперсаналу, над камунікацыямі.

"Дзе не было камунікацыі, была змена кіраўніка. Доктар мае права быць пачутым і павінен быць пачутым", — заявіў міністр.

Адна з вымушаных з'ехаць мінулай восенню дактароў ужо пракаментавала гэтую заяву Піневіча. Доктар Дар'я Чэхава (Плоткіна) стала вядомая мінулай вясной, калі адкрыта пісала ў Twitter пра сітуацыю з COVID-19 у беларускіх шпіталях, затым выказалася супраць гвалту. Да імклівай эміграцыі ў Латвію яна працавала ў прыёмным аддзяленні 10-й гарадской клінічнай бальніцы, і нікуды не планавала з'язджаць.

"Справа ў тым, што вам патрэбныя не спецыялісты, а рабы... Забітыя, бясконца стомленыя ад працы, людзей і свайго жыцця, абыякавыя да ўсяго", напісала яна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі