"Плакат — прычына затрымання": дзяўчына зладзіла перформанс у мінскім метро
Акцыя ў мінскім метро
Мастачка Ульяна Няўзорава з плакатам "Гэты плакат можа стаць прычынай майго затрымання" з'явілася ў мінскім метро 22 кастрычніка. Першапачатковай ідэяй было зладзіць у вагоне пікет, але праз рэакцыю пасажыраў усё ператварылася ў інтэрактыўны перформанс.
Калі дзяўчына першы раз разгарнула плакат, людзі рэагаваць на яго пачалі па-рознаму:
"Адзін чалавек паказаў мне вядомы жэст сярэднім пальцам. Хтосьці непрыкметна стараўся мяне падтрымаць жэстамі. Былі тыя, хто фатаграфаваў, былі тыя, хто лаяўся на мяне. У выніку, калі я выйшла з цягніка, ахоўнік на станцыі сказаў, што мяне ўжо шукаюць па ўсіх платформах",— расказвае tut.by пра першы вопыт акцыянізму Ульяна.
Наступн раз мастачка папрасіла сваю сястру зняць на відэа — ужо з тым самым плакатам, які "можа стаць прычынай затрымання". Пад канец відэа ззаду Ульяны хлопец разгортвае БЧБ-сцяг з Пагоняй. Мастачка яго не ведае:
"Усе вакол пачалі нешта фатаграфаваць, здымаць. Сястра таксама стаяла ашаломленая. Скончылася ўсё тым, што мы паціснулі руку пары, якая сядзела побач і абараняла нас. А мужчына, які абураўся, нават замахнуўся на сястру. Хлопец з БЧБ, дарэчы, знік у тумане. Вынікам мы задаволеныя, таму што ўсе цэлыя і жывыя. Ну і як матэрыял гэта проста выдатна, мы не чакалі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.