Плыўцоў з Беларусі і Расіі пусцяць на міжнародныя турніры ў нейтральным статусе

Плыўцы / pexels.com, ілюстрацыйнае фота

Плыўцы / pexels.com, ілюстрацыйнае фота / pexels.com

Плыўцы з Беларусі і Расіі змогуць прыняць удзел у міжнародных турнірах у нейтральным статусе. Такое рашэнне прыняла Міжнародная федэрацыя водных відаў спорту (World Aquatics).

Пры гэтым у кожнай дысцыпліне да спаборніцтваў дапусцяць толькі па адным спартоўцы ад Беларусі і Расіі. У World Aquatics падкрэсліваюць, што прадстаўнікам Беларусі і Расіі "будзе дазволена ўдзельнічаць толькі ў спаборніцтвах, дзе час або вынік вызначаюцца выступамі аднаго спартоўца".

Гэта азначае, што спартоўцы з Беларусі і Расіі не змогуць выступаць у групавых стартах ці ў дуэтах у сінхронным плаванні, у водным плаванні, сінхронных скачках у ваду і эстафетах у плаванні.

На турнірах забаронена выкарыстоўваць расійскія і беларускія сцягі, выконваць гімны гэтых краін. Акрамя таго, спартоўцам забаранілі прыходзіць са сцягам сваёй краіны на спартыўнай форме на пратакольныя мерапрыемствы. Нейтральным спартоўцам нельга праходзіць праз змяшаную зону, дзе знаходзяцца журналісты і задаюць пытанні, і ўдзельнічаць у прэс-канферэнцыях.

У дадатак да ўсяго на спаборніцтвы, якія праходзяць пад эгідай Міжнароднай федэрацыі водных відаў спорту, забаронена акрэдытоўваць расійскіх ці беларускіх службовых асоб, у тым ліку прадстаўнікоў улады.

Беларускія і расійскія спартоўцы трапілі пад міжнародныя санкцыі ў 2022 годзе пасля пачатку шырокамаштабнай вайны, якую Расія з дапамогай Беларусі развязала супраць Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі