Плывец Яўген Цуркін аб'явіў пра сыход з беларускай зборнай
Плывец Яўген Цуркін аб'явіў пра сыход з беларускай зборнай. Ён упершыню адабраўся ў яе склад у 2010-м, удзельнічаў у трох Алімпіядах (2012-га, 2016-га і 2020-га гадоў).
"Я ведаў, да чаго я ішоў, ведаў, калі пайду з зборнай. Таму рашэнне далося лёгка, — цытуе словы Цуркіна тэлеграм-канал @zozhteam. — І вось я прыйшоў у гэтую кропку. Што далей буду рабіць — пакуль не буду распавядаць. Як зраблю, тады і падзялюся...".
Цуркіну 30 гадоў. Ён — муж знакамітай плыўчыхі Аляксандры Герасімені, якая з мінулага года жыве за мяжой, ачольвае Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці. Яны выхоўваюць дачку. Яўген Цуркін — адзін з падпісантаў ліста беларускіх спарсменаў за новыя выбары і супраць гвалту сілавікоў.
Цуркін — майстар спорту міжнароднага класа, шматразовы чэмпіён і рэкардсмен Беларусі. Выступаў у плаванні вольным стылем і батэрфляем на дыстанцыях 50 і 100 метраў. Найлепшае дасягненне — медаль чэмпіянату свету 2016 года, а за два гады да таго стаў чэмпіёнам Еўропы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.