Польшча абмяжуе для расійскіх дыпламатаў перамяшчэнне па краіне
Польшча абмяжуе перамяшчэнні дыпламатаў РФ
Польшча абмяжуе перамяшчэнне расійскіх дыпламатаў у краіне. Прычынай з'яўляецца ўдзел РФ у гібрыднай вайне супраць Еўрасаюза.
З такой заявай, як піша Onet, выступіў кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі на прэс-канферэнцыі ў Бруселі. Яна адбылася пасля сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЕС.
Расійская амбасада неўзабаве атрымае ноту з гэтай нагоды. Абмежаванні закрануць як саму амбасаду, так і супрацоўнікаў консульства РФ у Польшчы, заявіў Сікорскі.
Паводле яго, расійскія дыпламаты змогуць перамяшчацца толькі ў межах Мазавецкага ваяводства (сталічнае ваяводства Польшчы), а консулы — толькі ў тых ваяводствах, дзе яны працуюць. Забарона будзе датычыць усіх дыпламатаў, акрамя амбасадара, удакладніў кіраўнік польскага МЗС.
Сікорскі дадаў: "У нас ёсць доказы датычнасці расійскай дзяржавы да санкцыянавання дыверсій, у тым ліку і ў нашай краіне". Гаворачы пра дэталі гібрыднай вайны, ён заявіў, што арыштавалі чалавека, які ледзь не здзейсніў дыверсійную атаку, і ёсць дадатковыя падазраваныя.
Згадаў ён і спробы мігрантаў нелегальна перайсці з Беларусі ў Польшчу: "У цяперашні час ад 300 да 400 чалавек наўмысна прывозяць з Афрыкі, з Азіі па расійскіх візах у Беларусь, каб выпхнуць іх праз мяжу ЕС, каб выклікаць палітычныя перамены, таму што гэта прымушае нас рэагаваць, прымушае Германію рэагаваць".
У Расіі заявілі, што вывучаць польскую ноту і прымуць меры ў адказ. Як заявіла прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава, РФ адкажа на абмежаванне перамяшчэння дыпламатаў у Польшчы так, каб "русафобская польская вярхушка моцна пашкадавала".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.