Польшча разгарнула танкавы батальён недалёка ад мяжы з Беларуссю
Польскія вайскоўцы
Недалёка ад беларускай мяжы ў пасёлку Чартаева Польшча разгарнула новы танкавы батальён у складзе 1-й пяхотнай дывізіі, паведамляе Мінабароны краіны. У адкрыцці новай вайсковай часці 12 лістапада узяў удзел міністр абароны Марыюш Блашчак. Таксама ён сустрэўся з вайскоўцамі новастворанай 1-й пяхотнай дывізіі.
У пасёлку ўжо разгарнулі кантэйнерны гарадок, а ў бліжэйшыя гады плануецца развіццё пастаяннай інфраструктуры. Спярша тут будуць размяшчацца больш за сотню салдатаў, а ў перспектыве мяркуецца дыслакацыя некалькі соцень на пастаяннай аснове.
Падраздзяленне будзе мець на ўзбраенні сучасную тэхніку, закупленую для Польшчы ў апошнія гады — танкі К2, мінамёты Rak, ЗРК Poprad.
Фарміраванне 1-й пяхотнай дывізіі пачалося ў верасні 2022 года. Яна будзе складацца з 12 вайсковых часцей: 4 агульнавайсковых брыгадаў, артылерыйскай брыгады, 4 палкоў ваенных тыпаў і 3 спецыялізаваных батальёнаў.
Плануецца, што дывізія будзе налічваць больш за 30 тысяч салдат.
У сваёй прамове Блашчак адзначыў: "Мы ўсведамляем пагрозы. Мы добра ведаем, што крамлёўскія кіраўнікі развязалі вайну, бо хочуць аднавіць Расійскую імперыю. Гэта заўсёды было пагрозай для народаў, якія жылі па суседстве. Таму, каб прадухіліць напад на нашу Радзіму, мы ўмацоўваем польскую армію і ствараем новыя падраздзяленні".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.