Польшча ўслед за ЗША заявіла аб недатычнасці да змовы супраць Лукашэнкі

У Варшаве пракаментавалі папрокі ў свой адрас​ / evroportal.ru
У Варшаве пракаментавалі папрокі ў свой адрас​ / evroportal.ru

Польшча не ўдзельнічала, не планавала і не плануе ніякіх дзеянняў па падрыхтоўцы замаху на Аляксандра Лукашэнку, заявіў кіраўнік канцылярыі польскага прэзідэнта Кшыштаф Шчэрскі ў эфіры тэлеканала TVP Info.

Раней ФСБ Расеі заявіла аб затрыманні ў Маскве двух грамадзян, якія рыхтавалі вайсковы пераварот у Беларусі і ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі. Гаворка ідзе пра палітолага Аляксандра Фядуту і амерыканскага адваката беларускага паходжання Юрася Зянковіча. Паведамлялася, што Зянковіч прыбыў у Маскву "пасля праведзеных кансультацый у ЗША і Польшчы".

"Калі хтосьці [або] пан Аляксандр Лукашэнка кажа такія рэчы, то ён хлусіць. Польшча не ўдзельнічае ні ў якіх падобных дзеяннях. Прашу гэта пачуць, па-першае. І ведаць: калі хтосьці гэта пану падкідвае, яго падманваюць", — заявіў Кшыштаф Шчэрскі.

Раней аб недатычнасці да гэтай гісторыі заявіў Дзярждэпартамент ЗША. Там назвалі "абсалютна ілжывымі" заявы аб датычнасці Вашынгтона да спробаў фізічнай ліквідацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Пасля затрымання ў Маскве Фядута і Зянковіч былі вывезеныя ў Беларусь. У Мінску была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу ці ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), распавёў напярэдадні ў эфіры беларускага тэлебачання начальнік аддзела следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак. Затрыманым пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі