Польскага памежніка паранілі на мяжы з Беларуссю
Памежная ахова Польшчы
Яшчэ адзін польскі памежнік пацярпеў падчас нясення службы на мяжы з Беларуссю. Ён атрымаў раненне, калі група мігрантаў спрабавала прарвацца праз мяжу ў раёне Белавежы. Інцыдэнт адбыўся напярэдадні раніцай, распавялі ў польскай Памежнай ахове.
Там удакладнілі, што памежніку трапілі ў галаву галінай, спатрэбілася дапамога медыкаў. Рэсурс RMF FM прыводзіць падрабязнасці інцыдэнту: каля 4 раніцы 3 чэрвеня група з дзесяці мігрантаў пачала закідваць польскі патруль камянямі і тоўстымі галінкамі. У некаторых мігрантаў былі газавыя балончыкі. Адна з галінак трапіла памежніку ў галаву, ён атрымаў пашкоджанні ў раёне вока. З гэтай траўмай яго і адправілі ў бальніцу.
Нагадаем, на мінулым тыдні адзін з польскіх вайскоўцаў на мяжы з Беларуссю атрымаў нажавое раненне. Пасля гэтага польскія ўлады прынялі рашэнне аднавіць 200-метровую буферную зону і накіравалі да мяжы дадатковыя сілы. Буферная зона павінна была з'явіцца 4 чэрвеня, але пакуль яе ўвядзенне адклалі — польскім уладам трэба "трохі часу", каб "параіцца з мясцовымі ўладамі, нацыянальным паркам, грамадскімі арганізацыямі". Мяркуецца, што на гэтыя кансультацыі сыдзе "некалькі дзён".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.