Польскія вайскоўцы пабіліся каля мяжы з Беларуссю, двое трапілі ў шпіталь
Польскія вайскоўцы
Два польскія салдаты з падраздзялення, які дыслакуецца на мяжы з Беларуссю, былі шпіталізаваныя ў цяжкім стане пасля бойкі, піша Onet.pl.
Здарэнне адбылося ў ноч з нядзелі на панядзелак. Салдаты пабіліся, адзін з іх страціў прытомнасць, пасля чаго кіраўніцтва выклікала хуткую дапамогу. На месцы здарэння медыкі выявілі сур'ёзныя траўмы і ў другога салдата. Абодвух забралі ў шпіталь у Аўгустове. Паведамляецца, што вайскоўцы ў цяжкім стане: у іх разбітыя галовы.
Прычына бойкі на цяперашні момант невядомая. Таксама невядома, ці былі салдаты пад уздзеяннем алкаголю ці іншых забароненых рэчываў.
Прэс-сакратарка 16-й дывізіі Магдалена Касцінская заявіла журналістам, што расследаваннем інцыдэнту займаецца ваенная жандармерыя.
Салдаты належаць да 9-га каманднага батальёна з Ольштына ў складзе 16-й Паморскай механізаванай дывізіі. Цяпер яны нясуць службу на мяжы з Беларуссю ў аператыўнай групе войскаў "Падляшша". Гэтая група была сфармаваная ў жніўні 2023 года. У ёй налічваецца каля 10 тысяч салдатаў з розных падраздзяленняў з усёй Польшчы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.