Поўначы Нямеччыны пагражае магутная паводка
На поўначы Нямеччыны пачаліся затапленні гарадоў у выніку ўраганнага ветру. Паводка можа апынуцца самай буйной за апошнія 10 гадоў, перадае dw.com.
У федэральных землях Шлезвіг-Гальштэйн і Мекленбург-Пярэдняя Памеранія ўведзены рэжым надзвычайнага становішча. Увечары 4 студзеня затапленні былі зафіксаваныя на вуліцах такіх гарадоў, як Любек, Ростак, Варнэмюнде і Вісмар. Па звестках СМІ, пашкоджаныя дзясяткі будынкаў, у Любеку восем аўтамабіляў давялося выцягваць з затопленых тэрыторыяў. Да цэнтра гарадоў пешшу дабрацца стала немагчыма.
Па прагнозах сіноптыкаў, узровень вады ў гарадах можа ўзняцца яшчэ на 10 сантыметраў. У Любеку, Вісмары і Ростаку гэты ўзровень перавысіў норму ўжо больш як на паўтара метра.
На ўсходзе і поўдні Нямеччыны метэаролагі не выключаюць моцныя снегапады і залевы з градам.