Пра канфлікт тых, хто з'ехаў і хто застаўся: баліць не толькі табе, але і іншаму
Чыгуначны вакзал Мінска
Крытычнай розніцы паміж беларусамі ў эміграцыі і беларусамі ўнутры краіны пакуль няма, лічыць сацыёлаг Генадзь Коршунаў.
— Яшчэ ў 2021 годзе казалі: будзе павялічвацца рознасць жыццёвага досведу (у беларусаў у эміграцыі і тых, хто застаўся жыць у Беларусі). То-бок тых праблем, з якімі людзі сутыкаюцца ў штодзённасці. Будзе фармавацца крыху розны гештальт, — кажа Коршунаў у эфіры Еўрарадыё. — Але пакуль я б не казаў пра крытычную розніцу. Пакуль яшчэ не "капец-капец, мы не гаворым на адной мове і не разумеем адзін аднаго".
Пытанне часу будзе мець крытычнае значэнне ў гэтым пытанні. Тым не менш, Коршунаў лічыць, што пакуль для пратэснай часткі грамадства найбольш важным застаецца вопыт 2020-га года. Ён перавярнуў жыцці і тых, хто застаўся, і тых, хто з'ехаў.
— А таксама аб'ядноўвае жаданне агульнай добрай будучыні для Беларусі. Дынаміка ёсць, але пытанне ў тым, што мы з гэтай дынамікай робім, на што мы будзем працаваць, у што мы будзем укладацца. Ці будзем мы павялічваць розніцу (паміж намі) — ці будзем працаваць на тое, каб выбудоўваць агульную будучыню.
Каментуючы спрэчкі паміж беларусамі ў эміграцыі і беларусамі ўнутры краіны, сацыёлаг кажа:
— Я б глядзеў на гэтыя працэсы акуратна: прарывае там, дзе баліць. І калі баліць, гэта лепш, чым калі не баліць. Калі мы зараз спрачаемся, значыць, нам баліць — і аднолькава баліць па абодва бакі мяжы. Але нам не хапае досведу, каб звяртаць увагу на тое, што не толькі табе баліць. Баліць і другому. І баліць аднолькава.
Поўную версію размовы рэдактара Еўрарадыё Змітра Лукашука з сацыёлагам Генадзем Коршунавым глядзіце тут.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.