Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі: абуральнае парушэнне дыпламатычнага статусу

Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі: абуральнае парушэнне дыпламатычнага статусу

Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі пракаментавала Еўрарадыё затрыманне сілавікамі часовага паверанага ў справах ЕС у нашай краіне Эвеліны Шульц.

"Учора ў выніку недапушчальнага і абуральнага парушэння дыпламатычнага статусу часовая павераная ў справах Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза у Мінску зноў была затрымана беларускай міліцыяй больш чым на 2 гадзіны, — адзначае Прадстаўніцтва ЕС. — Гэта незаконнае затрыманне дыпламата з'яўляецца сур'ёзным парушэннем Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах, якая гарантуе асабістую недатыкальнасць дыпламатаў, і ставіць пад пытанне бяспеку дыпламатаў у Беларусі".

Затрыманне адбылося, калі Шульц "выходзіла з памяшкання суда пасля публічнага абвяшчэння прысуду па выніках закрытага судовага працэсу, паводле якога дзесяць палітвязняў былі асуджаны на неабгрунтавана доўгія і жорсткія тэрміны зняволення".

"Такое незаконнае затрыманне дыпламатычнага персаналу ЕС адбываецца ўжо другі раз, — падкрэслівае Прадстаўніцтва ЕС. — Еўрапейская служба знешніх дзеянняў ужо выклікала часовую павераную ў справах Беларусі ў Бруселі для тлумачэння гэтага сур'ёзнага інцыдэнту".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі