Прадстаўніцу Украіны на перамовах па Данбасе не хацелі пускаць у Беларусь
У Беларусь ледзь змагла трапіць першы віцэ-спікер Вярхоўнай Рады, прадстаўніца Украіны на мінскіх перамовах Ірына Герашчанка. Пра гэта на брыфінгу 27 красавіка паведаміў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Украіны Канстанцін Елісееў.
"Мы былі ўчора глыбока абураныя, калі даведаліся, што беларуская ўлада прыняла рашэнне аб забароне Ірыне Герашчанка на ўезд на тэрыторыю Беларусі з меркаванняў таго, што адпаведная забарона была ўведзеная з боку РФ", — перадае glavcom.ua словы Елісеева.
Сама Герашчанка паведаміла, што ў Беларусь яна трапіла "з прыгодамі". Падрабязнасці паездкі яна абяцала агучыць пазней.
21 сакавіка Ірына Герашчанка сутыкнулася з праблемамі пры паездцы ў Расію. Расійскія памежнікі паведамілі, што ёй забаронены ўезд у РФ на 5 гадоў — да 2021 года.
Герашчанка стала не першым украінскім палітыкам, якому цяжка трапіць у Беларусь у сувязі з расійскімі "чорнымі спісамі". Як паведамляла Еўрарадыё, 25 красавіка беларускія памежнікі з той самай прычыны не прапусцілі дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны Ігара Гузя.