Літоўскі бок спаслаўся на "неадпаведнасць інтарэсам нацыянальнай бяспекі", але ў МЗС нашай краіны гэтую прычыну лічаць надуманай і бачаць "прэцэдэнт палітызацыі двухбаковага ўзаемадзеяння ў эканамічнай сферы".
Здзелка планавалася паміж літоўскай кампаніяй KPS і беларускім "Белтрубаправодбудам" у справе будаўніцтва 165-кіламетровага ўчастка газаправода паміж Літвой і Польшчай. Аляксандр Пугачоў кажа, што "тэндар ішоў год". Яго кампанія прапаноўвала кошт на 3 млн еўра менш, чым бліжэйшыя канкурэнты. Але перад заключэннем здзелкі ўрад Літвы з падачы літоўскай дзяржбяспекі беларусаў адхіліў: нібыта беларуская кампанія магла штучна замарудзіць тэмп выканання працаў, сарваць тэрміны рэалізацыі праекта і нават завалодаць сакрэтнай інфармацыяй.
"Упэўнены, што падобная сітуацыя з літоўскага боку — гэта прыкрае непаразуменне і ў выніку заслугі нашай кампаніі і бездакорнае выкананне сваіх абавязацельстваў дапаможа прыняць правільнае рашэнне ў дадзенай сітуацыі, — кажа член савета дырэктароў "Белтрубаправодбуда". — Нашыя краіны звязвае доўгая гісторыя і ў многіх выпадках сваяцкія дачыненні нашых народаў".
Цікава, што літоўская кампанія, якая ў выніку перамагла на тэндары, актыўна займаецца будаўніцтвам у нашай краіне, у тым ліку на такім стратэгічным аб'екце, як нафтапрадуктаправод Наваполацк — Фаніпаль. І ніякай небяспекі ў гэтым улады нашай краіны не бачаць. Некаторыя эксперты мяркуюць, што "Белтрубаправодбуд" усё ж могуць прыцягнуць да будаўніцтва газаправода паміж Літвой і Польшчай, разам з літоўскімі кампаніямі. Пугачоў лічыць, што гэта было б "доказам прымірэння і працягам канструктыўнага супрацоўніцтва Беларусі і Літвы".