Прадстаўнік ЕС: мы не абмяркоўваем публічна, чаму кагосьці няма ў пакеце санкцый
Санкцыі і Аляксандр Лукашэнка / Карыкатура dw.com
У ЕС не сталі паведамляць, ці сапраўды па просьбе Украіны выключылі Беларусь з пакета санкцый.
"Мы не абмяркоўваем публічна дэталі, працэсы, а таксама прычыны, па якіх каго-небудзь ці чагосьці няма ў тым ці іншым пакеце", — так прадстаўнік ЕС па знешнепалітычных пытаннях Петэр Стана адказаў на пытанне карэспандэнткі DW у Бруселі.
Ён дадаў, што санкцыі, звязаныя з агрэсіяй Расіі супраць Украіны, пастаянна пераглядаюцца. Па словах Стана, Еўрасаюз будзе працягваць адказваць санкцыямі, пакуль Расія працягвае эскалацыю канфлікту.
"Мы будзем працягваць прымяняць санкцыі таксама ў дачыненні да тых, хто дапамагае і падтрымлівае незаконныя дзеянні Расіі. Гэта датычыць Беларусі, Ірана, а таксама людзей і арганізацый з іншых краін, калі гэта неабходна", — падкрэсліў прадстаўнік ЕС.
Як распавядала Еўрарадыё, пра неўключэнне Беларуі ў папярэдні пакет санкцый па просьбе Украіны напісаў у сацсетках журналіст "Радыё Свабода" Рыкард Ёзвяк. МЗС Украіны абвергла ягоныя словы і заявіла, што яны не адпавядаюць рэчаіснасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.