Прадстаўнік Расіі ў ААН назваў Шушкевіча ідэолагам украінскіх нацыяналістаў
Ён паблытаў першага кіраўніка незалежнай Беларусі з Раманам Шухевічам.
Расія не можа дапусціць, каб агрэсіўныя нацыяналісты, якія захапілі ўладу ў Кіеве, працягнулі наступаць на ўсход і поўдзень. Пра гэта заявіў пастаянны прадстаўнік Расіі ў ААН Віталь Чуркін на паседжанні Савета бясьпекі ў Нью-Ёрку. Паводле яго словаў, якія перадае Радыё "Свабода", "бясчынствы"» на захадзе і ў цэнтры Украіны з'яўляюцца справай рук паслядоўнікаў "Бендэры і Шушкевіча", якія падчас Другой сусветнай вайны "пад гітлераўскімі сцягамі" змагаліся "супраць Савецкага Саюзу і антыгітлераўскай кааліцыі".
Нагадаем, што прозвішча лідэра Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў — Бандэра, а кіраўніка Украінскай паўстанцкай арміі — Шухевіч. Менавіта з ім расійскі дыпламат зблытаў Станіслава Шушкевіча — колішняга кіраўніка Вярхоўнага Савету Беларусі.