Праект новага Кодэкса “Аб адукацыі”, верагодна, разгледзяць на веснавой сесіі

Праект новага Кодэкса “Аб адукацыі”, верагодна, разгледзяць на веснавой сесіі

2 красавіка ў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пачынаецца веснавая сесія. Як стала вядома Еўрарадыё, у план працы парламентарыяў падчас чацвёртай сесіі унесены разгляд праекту Кодэкса “Аб адукацыі”. Які павінен замацаваць адмену ўступных іспытаў у гімназію. Адпаведны ўказ кіраўнік Беларусі падпісаў яшчэ 25 студзеня 2018 года.

Праўда, законапраект да гэтага часу ў парламент не паступіў.

“Міністэрства адукацыі абяцала ўнесці ў Палату прадстаўнікоў яшчэ год таму ― у чэрвені, да канца другой сесіі. Але з-за нейкіх прычын распрацоўка яго (праекта Кодэкса “Аб адукацыі”. ― Еўрарадыё) затрымліваецца, мы з-за гэтага нават былі вымушаныя слуханні адмяніць, бо яны не паспелі яго падрыхтаваць і ўнесці. Таму, мы чакаем”, ― распавялі Еўрарадыё ў Палаце прадстаўнікоў.

Праект Кодэкса “Аб адукацыі” гатовы і ўжо накіраваны ў Савет міністраў на зацверджанне, паведамілі Еўрарадыё ў прэс-службе Міністэрства адукацыі. Далей усё залежыць ад таго, як хутка законапраект накіруюць з Саўміна ў парламент.

“Калі Саўмін перадасць законапраект ў парламент у адпаведныя тэрміны, то можна разлічваць на тое, што дэпутаты разгледзяць Кодэкс падчас веснавой сесіі. Мы спадзяемся нават на гэта”, ― кажа прэс-сакратар Мінадукацыі Людміла Высоцкая.

Прадстаўнік Мінадукацыі адмовілася называць самыя адметныя прапановы, унесеныя ў праект новага Кодэкса. Тым не менш, міністр адукацыі Ігар Карпенка яшчэ год таму абяцаў, што “нейкіх узрушэнняў або рэвалюцыйных новаўвядзенняў у сістэме адукацыі не будзе”.

“Сістэма ўстаялася, і апошнія даследаванні паказваюць, што яна не выклікае нейкай заклапочанасці ў грамадскасці. Большасць жыхароў краіны задавальняюць і якасць сістэмы адукацыі, і падыходы да работы”, ― адзначыў міністр.

На пасяджэнні 2 сакавіка дэпутаты ў першым чытанні разгледзяць праекты законаў “Аб унясенні змен і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб аўтамабільных дарогах і дарожнай дзейнасці”, “Аб унясенні змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі