Прафесар-псіхолаг Уладзімір Янчук: “Ты будзеш маўчаць, а цягнік пойдзе далей”
Фраза “прабіць чарговае дно” перайшла з мемаў у штодзённае жыццё беларусаў. І калі раней яе гаварылі з усмешкай і гумарам, то цяпер яе гавораць з непрыхаваным жахам. І ўсё часцей гучаць словы расчаравання і страты надзеі.
Прафесар-псіхолаг Уладзімір Янчук перакананы: наша грамадства ўжо даўно жыве ў адчуванні пастаяннай трывогі, таму псіхалагічны дыскамфорт праз закрыццё паветранай прасторы над Беларуссю мусіць улегчыся. Да таго ж гэту праблему змякчае COVID-19.
Пра жыццё без ілюзій
— Беларусы апошнім часам актыўна шукаюць сябе і пазбаўляюцца ілюзій. У жніўні падавалася: выйшлі, кветачкамі памахалі, строі надзелі — і, пабачыўшы гэта, кіраўнік мусіць сказаць: “Ну ўсё: кіруйце!” І праблема вырашаная. А потым наступіла цвярозасць: у кіраўніка ёсць свае інтарэсы, і ён не адзін такі. І проста так рэціравацца не збіраецца. Такім чынам праходзіць станаўленне чалавека як удзельніка грамадзянскай супольнасці: адказнага і гатовага абараняць сваю пазіцыю, падключаючы ўсе рэсурсы і церпячы нязручнасці.
Натхняцца вынікамі сваіх дзеянняў
— У любым пункце прасторы і часу можна знайсці негатыў, апусціць рукі і пачаць скардзіцца на лёс. З іншага боку, праз эвалюцыю свядомасці можна зразумець, што ад вас залежыць, а што не. Сітуацыя з адменай палётаў — дадатковы стымул, каб праверыць трываласць сваёй пазіцыі.
Усякі пераход у якасна новы стан звязаны не толькі з захапленнем, але і з цярпеннем. Пазбаўляючыся ілюзій, мы пакуль не прыйшлі да разумення: усё, што адбываецца, — вынік нашых уласных дзеянняў. Людзі гуртуюцца ў супольнасці, дамаўляючыся пра правілы сумеснага пражывання.
Пра павагу да сябе
— Чалавек — істота адаптыўная. Пасіўны чалавек прыстасуецца: на лецішчы, працы. Мы не ўмеем інвеставаць у будучыню. Каб заўтра было лепшым за сёння, варта і паясы зацягнуць, і голас падаць, і перадусім — паказаць сябе чалавекам, які заслугоўвае павагі і выклікае адпаведнае стаўленне. А чалавек, які не паважае сам сябе, выклікае жаданне закруціць гайкі і запусціць механізм “не высоўвайся — інакш паб’юць або пасадзяць”. Але хаваючы галаву ў пясок, ты ствараеш прэцэдэнт. Людзі, якія кіруюць табой, разумеюць: так можна.
Змрочны фон правакуе суіцыды. Пазітыў варта шукаць у пэўных кроках, каб павысіць самапавагу, у якім-небудзь дасягненні. Аб’яднацца, абмеркаваць праблемы, зразумець, што ты не адзін. Як казаў пісьменнік Юрый Алеша: “Трэба глядзець у лужу і бачыць у ёй зоркі”.
Што да сітуацыі ў Беларусі: вы даведаліся, як працуе праваахоўная сістэма. І яна не звалілася з неба, а працуе так ужо досыць даўно — проста раней вы з гэтым не сутыкаліся. Ваш уласны досвед будзе штурхаць вас да разваг: як зрабіць так, каб гэтага жаху больш не адбылося. Важна таксама, што сінхранізуюцца паралельныя рэальнасці: улада і людзі. Абіраючы каго-небудзь, трэба зважаць на культурную начынку чалавека: чым яна прасцейшая, тым больш наступстваў для вас.
Людзі дасягаюць большага, калі не маўчаць
— Я нязгодны, што людзі імкнуцца да цішыні і спакою. Вы былі на масавых канцэртах, калі перапонкі не вытрымліваюць? Маўчанне было ў час кавіду, калі кожны замкнуўся ў сваёй келлі. Чалавек — істота сацыяльная.
Але ў нашым генафондзе ёсць устаноўка: “Маўчы — сыдзеш за разумнага”. Ты будзеш маўчаць, а цягнік пойдзе далей. Людзі, якія не маўчаць, дасягаюць большага. Чым больш пасіўнага назірання — тым горшыя наступствы.
Пра “спартыўны азарт” у атмасферы беспакаранасці
— Краінай кіруюць розныя людзі. Нехта ўзмацняе рэпрэсіі свядома, іншыя апраўдваюцца: такая праца. Адна са схем бюракратычнай машыны — стварэнне новых правіл без зацікаўленасці ў іх эфектыўнасці. На гэта ўплывае і інстынкт самазахоўвання: атрыманне выгады ў адзіных умовах, у якіх я запатрабаваны. У нас бракуе разумення: абіраючы, напрыклад, дэпутата, мы мусім ацэньваць ягоную кваліфікацыю і ўменне арганізаваць людзей, дамаўляцца з імі і прымаць рашэнні.
Калі няма кантролю над кіраўнікамі, іх персанальнай адказнасці, то ўзнікае атмасфера безпакаранасці са спартыўным азартам паспрабаваць што-небудзь яшчэ, калі папярэдняе праходзіць дарма. Таксама рухае страх памяняцца пазіцыямі: ці захочуць наглядчыкі вязніцы апынуцца на месцы зняволеных?
Пра магчымую хвалю суіцыдаў праз палітычны крызіс
— Хваля суіцыдаў ужо распачалася праз разбурэнне сістэмы каштоўнасцяў. Чалавек адчувае дэзарыентацыю і бяссілле. Узнікае перспектыва няпэўнасці, якая вядзе да фрустрацыі і неразумення: як жыць далей? З гэтай праблемай не справішся сам-насам. Адзінае выйсце — дзяліцца, быць уважлівымі да іншых.
Чалавеку не так проста прыняць рашэнне засіліцца. Ён сігналізуе блізкім: я падыходжу да гэтага рашэння. У нас замыленае вока, мы не заўважаем гэтых сігналаў, пакідаючы чалавека сам-насам з праблемай.
Не насіце ў сабе, не прымайце такія рашэнні самастойна. Безвыходнасць існуе толькі ў вашым уяўленні. Без вашай актыўнасці не будзе змяненняў. А яшчэ ў нас няма лічбаў па колькасці суіцыдаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.