Пракатчык фільма "Крым": Стужка не палітычная. Скандал для нас нечаканасць

Пракатчык фільма "Крым": Стужка не палітычная. Скандал для нас нечаканасць

Пракатчык фільма "Крым" Аляксея Піманава, расійская група кампаній "Парадыз", вядзе перамовы наконт пракату стужкі ў Беларусі. Яе тызер ужо паказваюць у кінатэатрах Мінска перад іншай расійскай стужкай — "Блакбастар". Украінцы пратэстуюць супраць таго, каб фільм пра анексію паўвострава выйшаў у Беларусі ў шырокі пракат.


Па словах дырэктара па кінапракаце і дыстрыбуцыі "Парадыза" Наталлі Паўлавай, скандал вакол стужкі стаў для кампаніі нечаканасцю:


"Нас, натуральна, здзівіла, што здарыўся гэты скандал. Гэты фільм зусім не палітычны, у ім цэнтральнае месца займае гісторыя кахання на фоне падзей. Ён, наадварот, такі прымірэнчы... Цяпер мы вядзем перамовы. У мяне пакуль няма канкрэтных дасягненняў у перамовах, але мы спадзяемся, што пракат будзе".


Які кінатэатр ці кампанія возьмуцца да дыстрыбуцыю фільма ў Беларусі, Наталля Паўлава не кажа. Паводле яе, калі атрымаецца дамовіцца, стужка "Крым" Аляксея Піманава будзе дэманстравацца ў мінскіх кінатэатрах як мінімум два тыдні. Калі ж яна будзе карыстацца поспехам у гледача, пракат будзе працягнуты.

 

14 ліпеня амбасада Украіны ў Беларусі накіравала ў МЗС Беларусі ноту ў сувязі з рэкламай стужкі "Крым".


"Мы накіравалі ноту. Усё. Калі фільм [усё ж] пакажуць, тады будзе рэакцыя", — распавяла Еўрарадыё першы сакратар амбасады Украіны ў Беларусі Марыя Гуцала.


Тым часам у Кінавідэапракаце Еўрарадыё запэўнілі, што паказ "Крыма" ў іх не запланаваны. Кіраўнік рэпертуарнага аддзела Кінавідэапракату Вольга Багаварава тлумачыць, што цяпер падбірае кіно для пачатку верасня. А рэклама "Крыма" проста ўстаўленая ў "Блакбастар", і выдаліць яе нельга.


"Пакуль я  працую з раскладам фільмаў на пачатак верасня. А што будзе з канцом верасня — трэба дажыць. Тызер стужкі — так, круціцца ў кінатэатрах, але гэта таму, што мы з праваўладальнікам не маем права прыбраць яго — ён упячатаны ў фільм "Блакбастар", — кажа Вольга Багаварава.


На шырокі расійскі экран фільм "Крым" выходзіць 28-29 верасня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі