Пракуратура патлумачыла, чаму блакавалі інтэрнэт-сайт "Першы рэгіён"
Доступ да сайта "Першы рэгіён" заблакаваны ў Беларусі на 6 месяцаў пастановай пракурора Брэсцкай вобласці Віктара Клімава, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры. Прычынай называюцца нібыта выяўленыя на сайце шматлікія парушэнні Закона аб СМІ.
Напрыклад, у шэрагу публікацый на сайце нібыта была "інфармацыйная прадукцыя, якую суд раней прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі", а таксама актыўныя гіперспасылкі на яе.
"Асобныя артыкулы суправаджаліся радыкальнымі паведамленнямі, якія распальваюць варожасць і варажнечу па палітычных і ідэалагічных матывах. Публікаваліся і іншыя звесткі, якія відавочна дыскрэдытавалі дзейнасць дзяржаўных і праваахоўных органаў", — тлумачаць у пракуратуры.
"Першы рэгіён" — недзяржаўны рэгіянальны сайт. На ім публікуюць навіны з роных раёнаў Брэсцкай вобласці. Праблемы з доступам да сайта ў чытачоў з'явіліся 31 снежня 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.