Пракуратура зачыніла ў Мінску прыватную школу "Прайм"

Пракуратура зачыніла ў Мінску прыватную школу / prokuratura.gov.by, ілюстрацыйнае фота
Пракуратура зачыніла ў Мінску прыватную школу / prokuratura.gov.by, ілюстрацыйнае фота

У Мінску пракуратура зачыніла прыватную "Сярэднюю школу Прайм" і вынесла папярэджанні яшчэ 14 прыватным установам адукацыі.

Пракурорскія работнікі правялі праверку дзейнасці прыватных школаў і, як паведамляецца на сайце Генпракуратуры, выявілі разнастайныя парушэнні.

"Адным з распаўсюджаных парушэнняў названа правядзенне заняткаў у памяшканнях, не прыстасаваных для знаходжання дзяцей. У прыватнасці, установы адукацыі не мелі ўласнай тэрыторыі, а памяшканні, часцей арэндныя, не былі ўкамплектаваныя навучальнымі, метадычнымі і дыдактычнымі дапаможнікамі", — адзначаюць у пракуратуры.

Пры прыстасаванай спартыўнай зале не было памяшканняў для пераапранання з санітарнымі вузламі. Шэраг кабінетаў размяшчаўся блізка ад крыніц шуму. Таксама праверкі нібыта выявілі парушэнні пажарнай бяспекі.

"Многія ўстановы адукацыі не размяшчаліся па месцы рэгістрацыі. Ажыццяўлялі дзейнасць, якая не адпавядала статутным дакументам", — пералічваюць у пракуратуры выяўленыя парушэнні.

Навучанне малалетніх дзяцей нярэдка адбывалася дыстанцыйна (у тым ліку з-за мяжы), "што негатыўна ўплывала на якасць адукацыі і стан здароўя дзяцей".

Таксама ў пракуратуры падкрэсліваюць, што ў статутах і рэкламе многіх прыватных устаноў адукацыі недакладна падавалася інфармацыя пра магчымасць атрымання дакументаў аб адукацыі пасля іх заканчэння. Пры гэтым самі прыватныя школы не прайшлі дзяржаўную акрэдытацыю.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра абавязковае ліцэнзаванне дзіцячых садкоў і школаў.

Вайну з прыватнымі школамі беларускія ўлады вядуць ужо другі месяц. Пачалася яна пасля таго, як Лукашэнка загадаў "зачысціць" сістэму адукацыі.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі