Лукашэнка падпісаў закон аб ліцэнзаванні, у тым ліку для школ і дзіцячых садкоў
Лукашэнка ўвёў ліцэнзіі для школ і садкоў / БЕЛТА
17 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон "Аб ліцэнзаванні", перадае БЕЛТА.
У ім уводзіцца, напрыклад, ліцэнзаванне дзейнасці ў галіне чыгуначнага транспарту.
А яшчэ адной важнай навацыяй называюць увядзенне ліцэнзавання дашкольнай і школьнай адукацыі. У БЕЛТА не хаваюць, што гэта патрэбна для ідэалагічнага кантролю за сферай адукацыі: "Адукацыйная дзейнасць патрабуе павышанага кантролю з боку дзяржавы, бо звязаная з фарміраваннем здаровай, ідэалагічна ўстойлівай і рознабакова развітай асобы".
Нормы аб атрыманні ліцэнзіі дзяржаўнымі і прыватнымі дзіцячымі садкамі і школамі набудуць моц 1 студзеня 2023 года. Тэрміны звароту па ліцэнзію будзе вызначаць Міністэрства адукацыі. Самі ліцэнзіі будуць выдаваць Мінгарвыканкам, гарадскія (гарадоў абласнога падпарадкавання) і раённыя выканаўчыя камітэты.
Апошнія тыдні ў Беларусі ідзе барацьба з прыватнымі школамі. Улада лічыць іх палітычна нелаяльнымі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.