Прапрацавала месяц і не дапрасілася заробку: як уцекачы шукаюць працу ў Беларусі
Юрыст дапамагае ўкраінскім уцекачам разабрацца з тым, якія правы ў іх ёсць — і як іх адстаяць / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Уцекачы з Украіны ў групах узаемадапамогі скардзяцца на праблемы з працаўладкаваннем, з якімі яны сутыкнуліся ў Беларусі.
Мы прааналізавалі гэтыя скаргі і папрасілі юрыстку параіць, як не зрабіцца ахвярай працоўнай дыскрымінацыі.
Так, на палітычных справах беларускія суды зламаліся.
— Але калі гаворка не ідзе пра палітычныя справы — а мы разглядаем праблемы ўкраінскіх уцекачоў у кантэксце працоўнага заканадаўства — то суд, хутчэй за ўсё, стане на бок пакрыўджанага работніка, — кажа Марыя Жарылоўская, магістарка права, юрыст-практык, што спецыялізуецца ў тым ліку на абароне працоўных правоў у супрацоўніцтве з ініцыятывай "Рабочы Рух" і Асацыяцыяй "Салідарнасць", лектарка і каардынатарка акадэмічнага Дэпартамента сацыяльных навук ЕГУ.
Наймальнік не можа адмовіць у сумоўі "праз пашпарт"
Беларусь не была першай краінай, якую выбрала для жыцця Вольга [імя змененае]. З Украіны яна і дзіця выехалі яшчэ ў сакавіку і паспрабавалі ўладкавацца ў адной з еўрапейскіх краін. Але мова новай краіны давалася няпроста і Вользе, і дзіцяці. У выніку яны прыехалі ў Беларусь.
— Спачатку былі праблемы з працаўладкаваннем, ніхто не хацеў займацца афармленнем спецдазволу на працу для замежніка.
І толькі калі я падала дакументы на афармленне дадатковай абароны, працадаўцы перасталі адказваць мне адмовай. Як толькі ў мяне на руках з'явілася хадайніцтва аб тым, што я падалася на гэты статус, тут жа ўсё пайшло на лад.
Парада юрыста: "Ніхто не можа адмовіць у праве хаця б прайсці сумоўе"
Працэдура працаўладкавання для ўкраінскіх уцекачоў і грамадзян Беларусі аднолькавая ў трох выпадках:
— калі ва ўкраінца ёсць дазвол на пастаяннае пражыванне ў Беларусі;
— калі ўцекачу ўжо прадастаўленая дадатковая абарона і ў яго ёсць пасведчанне аб прадастаўленні той абароны;
— калі ён яшчэ толькі падаў хадайніцтва аб прадастаўленні дадатковай абароны і ў яго ёсць даведка аб звароце з хадайніцтвам.
— Ва ўсіх гэтых выпадках прыём на працу праходзіць у агульным парадку.
Але калі чалавек яшчэ не звярнуўся па дадатковую абарону, то наймальнік павінен атрымаць для яго спецыяльны дазвол на права займацца працоўнай дзейнасцю. Такі дазвол будзе дзейнічаць год з магчымасцю яго аднаразовага падаўжэння (пасля гэтага трэба будзе атрымліваць новы дазвол).
Аднак чалавек можа хадзіць на сумоўі і да атрымання спецыяльнага дазволу, адмовіць у праходжанні сумоўя яму не могуць.
Так, у такім выпадку на наймальніка накладаюцца дадатковыя абавязкі — ён сам павінен атрымаць дазвол на працу замежніка. Але калі паводле гэтага прынцыпу наймальнік "адсейвае" патэнцыйных супрацоўнікаў, не дапускае кандыдатаў з замежным пашпартам да сумоўя — гэта дыскрымінацыя, якую можна абскардзіць у судзе.
Абяцалі афіцыйнае працаўладкаванне, але не заплацілі нават заробак "у канверце"
Наталля [імя змененае] піша ў групе, што нядаўна прыехала ў Беларусь з усходняга рэгіёна Украіны. Беларусь выбірала свядома, не як "перавалачны пункт". Планавала знайсці тут працу, якая забяспечвала б і яе, і яе дзіця.
Спярша хацела ўладкавацца ў дзяржсектар — на завод. Але заробак, на які можна было б самастойна ўтрымліваць сям'ю, там не прапанавалі. Тады Наталля пачала рассылаць рэзюмэ прыватным кампаніям. Адна з іх адгукнулася і паабяцала афіцыйнае працаўладкаванне.
Пакуль Наталля дачакалася толькі затрымкі заробку. Працадаўца дзень за днём абяцаў расплаціцца па даўгах.
— Першапачаткова агучылі добрыя ўмовы. Абяцалі залатыя горы. Я загадзя агаварыла, што мне трэба афіцыйнае афармленне: я толькі прыехала, я — не грамадзянін Беларусі. Мне трэба паказаць, што я нармальны добранадзейны чалавек, плачу падаткі.
Пачала працаваць. Ніякага афіцыйнага афармлення так і не дачакалася. І такая праблема не толькі ў мяне, але і ў многіх беларусаў, якія ўжо даўно працуюць у гэтай кампаніі.
І вось першы месяц падышоў да канца, прыйшоў час заробку. Працадаўца некалькі разоў пераносіў дату выплаты.
— Я ўскіпела. Пачала пагражаць, што паскарджуся ва ўсе інстанцыі. У мяне дзіця, мне трэба яго карміць.
Калі шчыра, гэта першы негатыўны вопыт у Беларусі. Да гэтага я толькі і рабіла, што захаплялася вашымі людзьмі. Да нас вельмі добра паставіліся. І псіхалагічная падтрымка была, і проста людзі на вуліцы ў вас добразычлівыя. Я была ў захапленні ад беларусаў.
Але мне ўсе казалі: пачакай, тут ёсць розныя людзі, яшчэ сутыкнешся з іншымі. Але "розныя" ёсць усюды. Гэта мая першая лыжка "дзёгцю" ў Беларусі. Спадзяюся, і апошняя.
Парада юрыста: пагаварыце з наймальнікам, а калі не дапаможа — звяртайцеся ў Мінпрацы і суд, гэта бясплатна
Заключэнне працоўнай дамовы ў пісьмовай форме, афармленне загаду або распараджэння і абвяшчэнне яго работніку пад подпіс — абавязак наймальніка. І ўсё роўна, прыватная гэта кампанія або дзяржаўная, усё роўна, ці з'яўляецца работнік грамадзянінам Беларусі або замежнікам.
— Працоўная дамова павінна заключацца ў пісьмовай форме, быць у двух экземплярах і падпісвацца бакамі. Адзін з гэтых асобнікаў перадаецца работніку.
Але Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь наўпрост кажа: фактычнае дапушчэнне работніка да працы з'яўляецца пачаткам дзеяння яго дамовы. Няважна, ці была працоўная дамова належным чынам аформленая.
Выходзіць, нават калі ў нас няма працоўнай дамовы як такой, але чалавека дапусцілі да працы, то лічыцца, што працоўная дамова ўжо дзейнічае. Калі наймальнік не афармляе працоўнай дамовы, ён парушае Працоўны кодэкс. І ў гэтым выпадку магчымыя некалькі варыянтаў паводзін работніка.
— Пачаць можна з размовы з наймальнікам — напалохаць яго адказнасцю. Калі наймальнік не аформіў дамову прыёму на працу як след — гэта невыкананне парадку прыёму на працу. І за гэта пагражае адміністрацыйнай адказнасцю. Зрэшты, яна невялікая — штраф ад 2 да 20 базавых велічынь.
Цяпер пераходзім да заробкаў у канвертах. Заробкам у канверце наймальнік "крыўдзіць" не толькі работніка, але і дзяржаву. Не даплачвае падаходны падатак, унёскі ў "Белдзяржстрах" і ў ФСАН. Наймальнік ухіляецца ад абавязкаў падатковага агента і ад выплаты страхавых унёскаў. А за гэта можа пагражаць ужо не толькі адміністрацыйная, але і крымінальная адказнасць. Усё будзе залежаць, на якую грашовую суму наймальнік "пакрыўдзіў" работніка.
Калі суд пацвердзіць, што работніку плацілі заробак у канверце, то падаходны падатак у такой сітуацыі будзе выплачваць не працаўнік, а наймальнік. Гэта значыць, работніку ў гэтай сітуацыі няма чаго баяцца. Так, можа ўзнікнуць пытанне, ці не было ў гэтым саўдзелу работніка — але гэта выключна малаімаверна.
Самае непрыемнае ў гэтым для наймальніка — калі суд прызнае яго вінаватым, узрасце рызыка, што гэты ж наймальнік трапіць у спіс праверак Дэпартамента інспекцыі працы, падатковай інспекцыі і ФСАН. І тады можа выкрыцца многае.
Калі наймальнік вас не чуе, можна звярнуцца са скаргай у Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Яшчэ адзін варыянт — пайсці ў суд. У абодвух выпадках работнік не плаціць ніякай дзяржпошліны.
— Калісьці ў работніка быў і трэці спосаб адстаяць свае правы — пайсці ў прафсаюз. Але ўсе незалежныя прафсаюзы ў Беларусі цяпер ліквідаваныя. Яшчэ можна звярнуцца ў Асацыяцыю "Салідарнасць", створаную актывістамі і лідарамі прафсаюзаў, якія ўваходзілі ў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, — яна дае юрыдычную падтрымку.
Можна звярнуцца і ў юрыдычны чат-бот "Рабочага Руху". Там дапамогуць кансультацыяй, дапамогуць падрыхтаваць дакументы для суда — але расказваць пра тое, дзе менавіта вам дапамаглі, у гэтым выпадку нельга. У Беларусі "Рабочы Рух" прызнаны "экстрэмісцкім фарміраваннем".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.