Праваабаронцы: Выбары не адпавядалі шэрагу ключавых стандартаў
Старшыня БХК Алег Гулак і прадстаўнік незарэгістарванай праваабарончай арганізацыі "Вясна" Уладзімір Лабковіч расказалі аб выніках працы назіральнікаў
Праваабаронцы працавалі падчас датэрміновага галасавання на 182 участках па ўсёй краіне, а ў асноўны дзень галасавання ― на 326. Таксама па ўсёй Беларусі каля 50 чалавек вялі доўгатэрміновае назіранне.
На думку праваабаронцаў, нягледзячы на некаторыя пазітыўныя зрухі, сёлета выбары нельга прызнаць адпавядаючымі "шэрагу ключавых міжнародных стандартаў". Старшыня БХК Алег Гулак гаворыць, што ў параўнанні з мінулымі выбарамі значна ўзрасла колькасць фактаў змушэння да галасавання (выкарыстанне так званага адміністрацыйнага рэсурса), а таксама так званага завышэння яўкі, калі колькасць прагаласаваўшых выбаршчыкаў, падлічаных назіральнікамі, значна меншая ад лічбаў выніковых пратаколаў.
Лічбы яўкі, зафіксаваныя назіральнікамі, у сярэднім на 14,4% адрозніваліся ад лічбаў камісій. Падчас выбараў 2012 года гэтая лічба была роўнай 10,6%. Тым часам, падчас прэзідэнцкіх выбараў падлікі назіральнікаў і членаў камісій адрозніваюцца нязначна.
"Завышэнне яўкі фіксавалі 50% назіральнікаў", ― сцвярджаюць праваабаронцы.
Са 102 складзеных назіральнікамі скаргаў толькі 18 былі задаволеныя сябрамі камісій. У дадатак толькі на 4,39% ахопленых назіраннем участкаў падлік галасоў быў адкрытым і галосным. На абсалютнай большасці нават шараговыя сябры камісій не мелі магчымасці бачыць працэс канчатковага падліку бюлетэняў.
Усё гэта, перакананыя праваабаронцы, дазваляе меркаваць, што "выбары ў цэлым не адпавядалі шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў".