Прэм'ера Славакіі, у якога ўчора стралялі, паспяхова прааперавалі
Шпіталь, куды даставілі параненага Роберта Фіца
Прэм'ера Славакіі Роберта Фіца, які напярэдадні атрымаў цяжкія агнястрэльныя раненні, паспяхова прааперавалі. Пра гэта ўначы паведаміў віцэ-прэм'ер краіны Томаш Тараба.
"Наколькі мне вядома, аперацыя, на шчасце, прайшла паспяхова. Думаю, у выніку ён выжыве. У цяперашні час пагрозы для яго жыцця няма", — заявіў Тараба BBC. Паводле яго, Фіца атрымаў цяжкія раненьні. Адна з куль прайшла праз страўнік.
Па дадзеных газеты Plus, аперацыя доўжылася амаль чатыры гадзіны. Пасля яе палітыка ўвялі ў штучную каму. У такім стане ён будзе знаходзіцца каля сутак.
Замах на Роберта Фіца адбыўся 15 мая ў горадзе Гандлава, за 190 км ад Браціславы. Там праходзіла выязное пасяджэнне ўрада. Палітык атрымаў агнястрэльныя раненні. На верталёце яго даставілі ў бальніцу горада Банска-Бістрыцы. Нападнік — 71-гадовы Юрай Цынтула — заявіў, што здзейсніў замах па палітычных матывах. Мужчына затрыманы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.