Прэзідэнцкі фонд у бюджэце на наступны год павялічваюць амаль утрая

Крытычна паставіцца да праекта бюджэту на 2014 год параіў кіраўнік краіны дэпутатам парламенту. Народныя абраннікі давер апраўдваюць: толькі пачалі дакумент вывучаць, але ўжо займелі да яго шмат прэтэнзій. І нават паспелі, распавядае Еўрарадыё дэпутат Аляксандр Зазуля, “паставіць перад урадам вельмі шмат пытанняў”.



Праўда, крытычнасць дэпутатаў наўрад ці закране прэзідэнцкі фонд, памер якога прапануецца павялічыць адразу… амаль у 3 разы! З 430 мільярдаў рублёў сёлета да 1 трыльёна 200 мільярдаў рублёў у наступным годзе. Мы ж чакаем чэмпіянат свету па хакеі, тлумачыць Аляксандр Зазуля.



Аляксандр Зазуля: “Напярэдадні чэмпіянату свету я аб’ектыўна гэтую пазіцыю ўспрымаю нармальна і апраўдваю. Ёсць у нас грошы, няма ў нас грошай, а мы павінны сустрэць найлепшым чынам усіх і ўсё. І гэта (павелічэнне памеру прэзідэнцкага фонду. — заўв. Еўрарадыё) — магчымасць, улічваючы рэжым жорсткай эканоміі і пэўнага недахопу грашовых рэсурсаў, “кропкава” адпрацаваць пазіцыі, якія патрабуюць лагічнага завяршэння”.



Эканаміст Леанід Заіка часткова з меркаваннем дэпутата згодны: перад “галоўнай падзеяй 2014 года” неабходна мець запас для надзвычайных патрэб. Бо раней, нагадвае, прэзідэнцкі фонд так і называўся — “Фонд падтрымкі і фінансавання надзвычайных сітуацый”.



Леанід Заіка: “Фонд прэзідэнта” раней быў “Надзвычайным фондам”, але потым у яго пачалі запускаць розныя дзяржаўныя праграмы — пачынаючы з праграм падтрымкі таленавітай моладзі і заканчваючы мадэрнізацыяй. Проста Лукашэнка ўпэўніўся, што грошы трацяць бязглузда і не эфектыўна, плюс да гэтага — магчымыя расходы па гэтых міжнародных спаборніцтвах, і вырашыў усё “перагрузіць” на сябе. І сам будзе грошы выдаваць, сам будзе ўсіх бізуном частаваць!”



З тым, што кіраўнік краіны хоча мець як мага больш сродкаў, якія можна было б накіроўваць “на надзвычайныя патрэбы”, згодны і былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч.



Станіслаў Багданкевіч: “А яшчэ гэта адлюстраванне няўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Лічаць, што, магчыма, трэба будзе рабіць нейкія карэкціроўкі і можна будзе прэзідэнту без зваротаў у парламент вырашаць, куды накіроўваць тыя ці іншыя сумы грошай”.



Што да таго, куды грошы з прэзідэнцкага фонду накіроўваюцца, то тут прычапіцца няма да чаго: на падтрымку медыцыны, спорту, асобных рэгіёнаў і праектаў, калі кошт іх будаўніцтва “нечакана” павялічваецца. І ўсё гэта — працэс “празрысты”.



Станіслаў Багданкевіч: “Ва ўліку Мінфіна яны (грошы з прэзідэнцкага фонду. — заўв. Еўрарадыё) адлюстроўваюцца. Таму я не бачу, што тут ёсць нейкае махлярства, што яно ў гэтай частцы можа быць”.



Кантралююць, куды грошы з прэзідэнцкага фонду накіроўваюцца, і дэпутаты — Мінфін дакладвае, “што і куды было патрачана”, тлумачыць парламентарый Аляксандр Зазуля. Іншая справа, што кантроль гэты адбываецца па выніках — пасля таго як грошы былі патрачаныя.

Фота: dengi.onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі