“Метад Пракаповіча” ці “метад Румаса”: які з іх лепшы для беларусаў?
Лукашэнка загадаў дабіцца росту ВУП любым з двух “метадаў”. Еўрарадыё высвятляе, чым адрозніваюцца гэтыя падыходы і як яны могуць адбіцца на эканоміцы
Спрэчкі, як дабіцца ў наступным годзе росту ўнутранага валавога прадукту ажно на 0,5%, выйшлі на самы вышэйшы ўзровень. Нават кіраўнік краіны вымушаны быў умяшацца. Праўда, толькі для таго, каб катэгарычна заявіць: ці то “метадам Румаса”, ці то “метадам Прапаковіча”, але каб запланаваны рост быў!
Чым адрозніваюцца гэтыя два “метады” і чым яны пагражаюць нашай эканоміцы, цікавіцца Еўрарадыё.
Па словах эканаміста Леаніда Заікі, Беларусь цяпер знаходзіцца “ў класічным крызісе перавытворчасці”. І гэтыя два метады адрозніваюцца розным бачаннем выхаду з яго.
Леанід Заіка: “Пракаповіч мае простыя погляды і лічыць, што можна ўмешвацца ў эканамічныя працэсы, можна кіраваць з боку дзяржавы — як дрэннымі школьнікамі кіруе настаўнік. Ну, а Румас, відаць, лічыць, што трэба забяспечыць аўтаномію і зняць высокую ступень дзяржаўнага рэгулявання”.
Сяргей Румас
Па словах Заікі, былы старшыня Нацбанка Пётр Пракаповіч заўжды быў прыхільнікам ідэі значнага фінансавання прадпрыемстваў і сельскай гаспадаркі за кошт танных крэдытаў. А калі грошай на гэта не хапае, то ўключаў “друкавальны станок”. Сяргей Румас жа “сыходзіць з канцэпцыі стымулявання рынка за кошт унутранай актыўнасці саміх прадпрыемстваў” і дарагіх крэдытаў. Маўляў, выжывае мацнейшы.
“Метад Пракаповіча” больш… статыстычна прыгожы, пагаджаецца фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб. Карыстаючыся ім, можна дамагчыся значна большага росту ВУП, чым закладзены ў праекце бюджэту на 2015 год, але…
Вадзім Іосуб: “Пры гэтым будзем мець значна большую інфляцыю — каля 20% ці нават больш (паводле праекта Бюджэту-2015 улады плануюць зніжэнне інфляцыі да 12% — Еўрарадыё), і пры гэтым, з пункту гледжання валютнага курса, будзем мець альбо больш-менш стабільны курс і цалкам вычарпаныя золата-валютныя рэзервы, альбо, пры спробе захаваць золата-валютныя рэзервы, павінна быць вельмі сур’ёзная дэвальвацыя”.
“Метад Румаса” пагражае “разносам” з боку кіраўніка краіны і правалам бюджэтных паказчыкаў, мяркуе эксперт.
Вадзім Іосуб: “Калі прымяняць “метад Румаса” і не спяшацца са зніжэннем працэнтных ставак і з нарошчваннем крэдыту эканомікі, то ВУП можа быць нулявым, а то і крыху адмоўным — у межах некалькіх дзясятых адсотка. Але пры гэтым удасца захаваць інфляцыю да 15% і сённяшні плаўны рэжым дэвальвацыі”.
Для простага чалавека, упэўнены Іосуб, больш прывабны “метад Румаса”. Бо “рост ВУП можна горда пакласці на стол прэзідэнту, але не ў кішэню простага беларуса”.
Вадзім Іосуб: “У 2011 годзе, які мы ўсе добра памятаем, калі кошты выраслі ў 2 разы, а курс долара — амаль у 3 разы, рост ВУП быў 8,5%. З пункту гледжання эканомікі, гэта быў ледзь не лепшы год за апошняе дзесяцігоддзе. Але калі спытацца любога нашага суайчынніка, ці хоча ён вярнуцца ў часы, калі кошты і курс так выраслі, то адказ будзе відавочны”.
Вадзім Іосуб
Леанід Заіка ўпэўнены, спрэчкі, якім “метадам” дабівацца запланавана росту ВУП, гэта не больш, чым спрэчкі, як ехаць на кані: адпусціўшы лейцы і даўшы яму свабоду, ці сцябаючы яго бізуном.
Леанід Заіка: “Цяпер самае галоўнае — правесці рэструктурызацыю беларускай эканомікі, прыбраць лішняе, скараціць працоўную сілу, даць прадпрыемствам самім вызначыць, што і як яны будуць вырабляць і ніякіх тэмпаў дабівацца не трэба”.
Леанід Заіка
Але ж як ў такім выпадку выканаць “даручэнне” кіраўніка краіны і дамагчыся хаця б гэтага мінімальнага русту ВУП у 0,5%? Леанід Заіка дае проста феерычны па вобразнасці адказ.
Леанід Заіка: “Ну, гэта ж як гумка ад трусоў — няўжо гумку на палову сантыметра цяжка расцягнуць? Вазьміце і праверце — вы нават не заўважыце гэтага”.
Тым не менш, гэта добра, што ў вышэйшых эшалонах улады ідуць спрэчкі наконт выбару “эканамічных методык” і ёсць як мінімум дзве супрацьлеглыя групоўкі прыхільнікаў розных “методык”, упэўнены Іосуб. Іншая справа, за кім будзе апошняе слова пры выбары, па якой “методыцы” жыць.
Фота: Змітра Лукашука, Пятра Чэчкі, gazeta.a42.ru, sport.tut.by, delaemvmeste.by