Заіка: Для беларусаў, якія хочуць мець “па 500”, Еўразійскі саюз вельмі выгадны
Асноўны аргумент за выхад Арменіі з Еўразійскага эканамічнага саюза ― пасля далучэння да яго пачаўся рэгрэс у сацыяльна-эканамічных сферах. Нават парламенцкія слуханні пра гэта прайшлі. Юрыст Даніэль Іаанісян сцвярджае: падзенне ВУП Арменіі ў апошнія два гада ― вынік уваходжання ў ЕАЭС. Сусветны эканамічны крызіс тут ні пры чым, кажа эксперт.
“Калі параўноўваць 2016 год з 2014 годам, то мы маем падзенне росту ўнутранага валавога прадукту на 7%. І калі кажуць пра сусветны эканамічны крызіс, то гэта крыху дзіўна, бо сусветны ВУП у гэтыя гады рос. У той час як у нас маецца падзенне. Затое можна казаць пра ўплыў на нашу эканоміку крызісу ў Расіі, з якой нас моцна звязвае гэты Еўразійскі эканамічны саюз”, ― сцвярджае Даніэль Іаанісян.
Гэта пры тым, што ў Арменіі яшчэ не пачалі дзейнічаць усе мытныя правілы ЕАЭС. Яшчэ больш праблем армянскія эксперты чакаюць у 2020 годзе.
Даніэль Іаанісян: “У Арменіі мытная стаўка была 3%. А ў ЕАЭС гэтая лічба крыху больш за 8% ― на 5,4% больш, чым было ў Арменіі. Арменія — краіна невялікая, мы амаль усё імпартуем. Прычым, маем толькі каля 25% таваразвароту з ЕАЭС і каля 75% нашага таваразвароту ― імпарт з трэціх краін. Адпаведна, гэтыя тавары трапляюць пад пошліны. Калі ж пошліны павышаюцца, то гэта прыводзіць да дадатковай інфляцыі. Пакуль на 775 тавараў часова дзейнічаюць пошліны Арменіі, але з 2020 года набудуць моц пошліны Мытнага саюза. А гэтыя 775 тавараў ― самыя сацыяльна значныя”.
Як прыклад, растаможка легкавых аўтамабіляў. Цяпер растаможыць сямігадовае аўто з Еўропы з аб’ёмам рухавіка 1,6 каштуе ў Арменіі крыху больш 1 тысячы еўра, з 2020 года яна складзе каля 4 тысяч. Тое, што ўжо колькі гадоў як маюць беларусы, дарэчы.
А як жа вялікі расійскі рынак ― няўжо Арменія не баіцца яго згубіць?
“Еўрапейскі саюз з пункту гледжання таваразвароту разоў у 7-8 разоў, а з пункту гледжання аб’ёму эканомікі ў 40 разоў большы за Еўразійскі саюз”, ― парыруе Даніэль Іаанісян.
Што ад удзелу ў ЕАЭС мае Беларусь? Беларускі эканаміст Леанід Заіка упэўнены ― нягледзячы на высокія мытныя пошліны, якія нам “дараваў” ЕАЭС, выходзіць з яго сабе даражэй.
“У нас практычна 100 адсоткавая закупка газу, а наша энергетыка на 99% залежыць ад Расіі. Два нашы нафтаперапрацоўчыя заводы даюць 40% ад усёй валютнай выручкі, дзякуючы расійскай нафце. Калі параўноўваць лічбы 2014 і 2016 гадоў, то падзенне ВУП ідзе і ў нас. Але гэта не таму, што ў Расіі крызіс і не таму, што мы ў ЕАЭС, а таму, што мы дрэнную прадукцыю вырабляем. На сусветным рынку проста абвастрылася канкурэнцыя, там кошты сталі падаць. Таму на сёння, з улікам патэрналісцкай жыццёвай пазіцыі беларусаў, якія хочуць “па 500”, якія хочуць сядзець у цяпле, для іх гэты саюз з’яўляецца вельмі выгадным”, ― сцвярджае эканаміст.
Цалкам размову з Леанідам Заікам у студыі Еўрарадыё можна паглядзець тут:
Добра, але ў выпадку з Арменіяй застаецца адно палітычнае пытанне: няўжо можна вось проста ўзяць і выйсці з ЕАЭС пры першым жаданні? Было б жаданне, кажа армянскі палітолаг Рубэн Меграбян.
“Сказаць, што мы зараз так вырашым і адразу выйдзем, нельга. Для пачатку мы можам зрабіць так: проста не выконваць тыя пункты, якія не адпавядаюць інтарэсам Арменіі. Але калі рашэнне будзе прынятае, то цягам года працягваецца працэдура, і можна выйсці”, ― упэўнены Рубэн Меграбян.
Тады Арменія вернецца да падпісання з ЕС Пагаднення аб паглыбленай і ўсеабдымнай зоне свабоднага гандлю, кажа Даніэль Іаанісян. Перамовы па гэтым Пагадненні былі спыненыя ў 2013 годзе, калі Арменія заявіла пра намер далучыцца да ЕАЭС.
Нагадаю, Дамова аб стварэнні ЕАЭС была падпісаная 29 траўня 2014 года ў Астане кіраўнікамі Беларусі, Казахстана і Расіі. 10 кастрычніка ў Мінску дамову аб далучэнні да ЕАЭС падпісала Арменія, а 23 снежня ў Маскве ― Кыргызстан.