Што ў Беларусі належыць Кітаю?

Візіт у Беларусь старшыні КНР Сі Цзіньпіна адзначыўся абяцаннем нашай краіне новых кітайскіх крэдытаў — на мільярд долараў. Апроч таго падпісаны шэраг сумесных крэдытных пагадненняў. Да прыкладу, наконт крэдытавання рэканструкцыі падстанцыі “Мінск-Паўночная”, фінансавання інвестыцыйнага праекта “Электрыфікацыя ўчастку чыгункі “Маладзечна — Гудагай”, набыццё нашай чыгункай 18 электравозаў…

Увогуле спіс аб’ектаў, да рэканструкцыі ці будаўніцтва якіх спрычыніліся кітайскія інвестары, уражвае. Тут і мадэрнізацыі ТЭЦ ды цэментных заводаў, і будаўніцтва цэлюлознага ды “кардоннага” заводаў, рэканструкцыі аўтадарог, электрыфікацыя ўчасткаў чыгункі. Кітайцы бяруць удзел у стварэнні беларускай нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання і нават у будаўніцтве Астравецкай АЭС. Я ўжо не кажу пра “Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк” і шматлікія сумесныя прадпрыемствы накшталт “БелДжы”.

Звычайна інвестар укладаецца ў тое, што потым будзе працаваць і прыносіць яму прыбытак. Ці азначае гэта, што аб’екты, у якія яны ўклаліся, ужо часткова належаць ім? Ну, як з тым “БелДжы”, дзе беларускаму ААТ “БелАЗ” належыць 54,8% акцый, а кітайскай карпарацыі “Geely” — 35,6%? 

Як гэта ні дзіўна, але кітайцы за свае інвестыцыі долі ў беларускіх аб’ектах не патрабуюць, сцвярджае эканаміст Леанід Заіка. Але інтарэс свой маюць усё адно.

Леанід Заіка: “Сёння Кітай перанасычаны доларавай масай. І калі казаць пра электрастанцыі, турбіны і гэтак далей, то гэта “звязаныя” праекты — яны даюць грошы, а мы набываем кітайскія турбіны. Якія потым выбухаюць. Кітайцы даюць грошы з тым, каб мы за гэтыя грошы потым набывалі іх тэхніку, іх абсталяванне”.

Такім чынам, кітайцы даюць нам грошы на рэканструкцыю і мадэрнізацыю беларускіх заводаў з умовай, што мы будзем на іх набываць выключна кітайскае абсталяванне. Так яны сваіх вытворцаў падтрымліваюць. Ну, а грошы мы потым з працэнтамі вярнуць усё адно мусім. 

Па словах Заікі, укладацца сур’ёзна, выкупляючы тут заводы, фабрыкі і зямлю, кітайцы пакуль не імкнуцца — далёка ад Паднябеснай. У гэтым сэнсе кітайскім інвестарам больш цікавае расійскае Забайкалле. Тым не менш суразмоўца Еўрарадыё не выключае набыцця бізнесменамі з Азіі часткі “Беларуськалія”.

Леанід Заіка: “Гэта цалкам рэальна: Кітаю патрэбныя ўгнаенні, насельніцтва хутка павялічваецца, плошчы для пасеву абмежаваныя. Ім калій патрэбны, і яны могуць укласціся — даць “зялёных паперак”. Усё залежыць ад ацэнкі прадпрыемства, але мільярдаў на 10 яны лёгка могуць акцый набыць”. 

І адразу папярэджвае: “Калійны камбінат прадаваць — гэта страшэнная антынародная ўгода!” Хаця б таму, што ўсмешлівыя кітайцы ўмеюць “бараніць” набытае.

Леанід Заіка: “Тактыка ў іх такая: спачатку палец прасунуў, потым нагу паставіў, потым другую, а потым з’яўляецца Нацыянальна-вызваленчая армія Кітая, як у Таджыкістане было, якая выгнала ўсіх, хто перашкаджаў кітайцам камандаваць зямлёй, якую яны набылі там прыватным чынам”.

Праўда, сёння ў Беларусі толькі адзін аб’ект цалкам належыць кітайцам — гатэль “Пекін” у Мінску.

Фота: http://www.tut.by/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі