Прэзідэнцкім спартовым клубам працягнуць кіраваць сыны Лукашэнкі
Дзмітрый Лукашэнка ўзначаліць цэнтральны савет клуба, а Віктар увойдзе непасрэдна ў склад савета.
У Прэзідэнцкім спартовым клубе прайшлі перавыбары кіраўніцтва. Старшынёй цэнтральнага савета пераабраны сярэдні сын кіраўніка дзяржавы Дзмітрый Лукашэнка, інфармуе tut.by. Дзмітрый Лукашэнка, дарэчы, узначальвае клуб з моманту яго заснавання ў 2005 годзе. Новы пяцігадовы старшынскі тэрмін для яго будзе ўжо трэцім.
У абноўлены склад цэнтральнага савета Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ўвайшлі таксама першы намеснік старшыні Беларускай федэрацыі біятлона Сяргей Булыгін і старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац.
Па-ранейшаму ў складзе цэнтральнага савета засталіся памочнік прэзідэнта па пытаннях нацыянальнай бяспекі Віктар Лукашэнка, старшыня хакейнага клуба "Нёман" (Гродна) Анатоль Варывончык, алімпійская чэмпіёнка па мастацкай гімнастыцы Марына Лобач, першы намеснік старшыні федэрацыі футбола Сяргей Сафар'ян, гендырэктар "Трайпла", кіраўнік федэрацыі барацьбы і саўладальнік футбольнага клуба "Дынама-Мінск" Юрый Чыж і выканаўчы дырэктар клуба Андрэй Карповіч.
За мінулыя пяць гадоў стыпендыятамі клуба сталі больш за тысячу юных спартсменаў і трэнераў, якія прадстаўляюць 41 від спорту, пераважна алімпійскай праграмы. 47 спартсменаў, якія атрымлівалі ў розныя гады стыпендыі клуба, сталі ўдзельнікамі Алімпійскіх гульняў Лондана-2012 і Сочы-2014. 10 з іх падымаліся на п'едэстал найважнейшых стартаў чатырохгоддзя.
Фота — БЕЛТА