"Проста страшна". Што кажуць украінскія ўхілісты

Почему в Украине уклоняются от мобилизации

"Я сцыкую. Гэта ўсё" / hromadske

Украіна абараняецца ад поўнамаштабнага расійскага ўварвання з лютага 2022-га, але служыць у войску хочуць далёка не ўсе. Перыядычна здараюцца скандалы вакол карупцыйных схем па вывазе маладых мужчын за мяжу або фіктыўнага выдавання адтэрміновак ваенкаматамі. "Чаму вы не хочаце служыць ва УСУ?" — з такім пытаннем да сваёй аўдыторыі звярнуліся нашы партнёры з Hromadske, каб зразумець логіку тых, хто ўхіляецца ад мабілізацыі.

Тэлеграм-чаты, уцёкі

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання ўкраінскія памежнікі затрымалі больш за 24 тысячы мужчын, якія спрабавалі незаконна перасекчы мяжу. У ход ішлі і падробленыя дакументы, і спроба ўцячы праз горы, уплынь.

Спроба ўцячы — не адзіны спосаб пазбегнуць мабілізацыі. Акрамя відавочных падробленых (ці набытых) медыцынскіх даведак, некаторыя заключаюць фіктыўныя шлюбы з жанчынамі з інваліднасцю. У дзесяць разоў узрасла колькасць мужчын, якія праз суд сталі адзінымі апекунамі дзяцей, і ў 20 разоў стала больш "мужчын за 30", якія паступілі ў ВНУ на кантракт.

Дастаткова папулярнымі сталі тэлеграм-каналы і групы, у якіх папярэджваюць пра месцы, дзе ўручаюць позвы. Такія каналы ёсць у кожным буйным горадзе.

"Я сцыкую. Гэта ўсё"

Вось якія адказы на пытанне пра прычыны нежадання ісці ва УСУ атрымала Hromadske:

"Першае — страх".

"Страх смерці і калецтваў + незразумелае бюракратычнае стаўленне да ветэранаў, адсутнасць грамадскай і дзяржаўнай апекі".

"Карупцыя і несправядлівасць".

"Адсутнасць радыкальных рэформаў і змяненняў ва УСУ, адсутнасць падтрымкі ветэранаў з боку дзяржавы. Лішняя бюракратыя і хабар".

"Жудасная некампетэнтнасць камандзіраў, савеччына, несправядлівасць, адсутнасць зброі".

"Ці роўныя ўсе, ці ідзіце нах**. Дзе дзеці дэпутатаў? Дзе дзеці суддзяў, чыноўнікаў і іншых "вяршкоў"?"

"Цяпер гэта выглядае як білет у адзін канец. Гатовы пайсці ваяваць, калі б служыць трэба было не больш за два гады, а далей — на мой выбар".

"Дзяржава нічога не рабіла для мяне, чаму я мушу нешта рабіць для яе?"

"Перш за ўсё, спыняе значна большая мая карысць тут, чым там. Ну і праблемы са здароўем".

"На маю думку, гэта частае парушэнне чалавечай годнасці работнікамі ТЦК і як вынік — страх перад сістэмай, у якой ты сабе не належыш".

"Павінны быць празрыстыя правілы гульні! Кожны грамадзянін мусіць ведаць, на якіх умовах, куды, за што і г.д. А дзяржава, замест таго каб матываваць, дэматывавала".

"Я сцыкую. Гэта ўсё", — шчыра прызнаецца нехта.

Мобилизация в Украине - почему уклоняются

Слушныя адказы на гэтыя каментары дзейных вайскоўцаў.

"Тады тыя, хто ўжо служыць, што мусяць рабіць? Складаць зброю і ісці дадому?" — задаўся пытаннем вайсковец Аляксандр Шарамета.

Ён жа прадоўжыў, што ўсё роўна на чыноўнікаў, з імі змагацца трэба, "але нам бы не перашкодзіла падмацаванне, а адгаворкі мы прыдумляць усё добра ўмеем".

"Толькі вось яны не выратуюць нас. Трэба хаця б падрыхтаваць сваю дупу да службы: пайсці на нейкія курсы, набыць пэўную каштоўнасць, навыкі. Вось тады вашу дупу не запхнуць куды-небудзь, тады вы зможаце эфектыўна выконваць пэўныя задачы. Мы ўсе калісьці былі цывільнымі, усё можна паправіць. Было б жаданне і пачуццё ўласнай годнасці".

Яшчэ адзін вайсковец напісаў, што ён цяпер "на нулі", і такія каментары яго дэмаралізуюць, бо апісаныя праблемы маюць эпізадычны характар, а не масавы.

Роля расійскай прапаганды

Былы камандзір роты батальёна "Айдар" Яўген Дзікі ўпэўнены, што сваю ролю ў папулярызацыі нежадання ісці ваяваць адыграла расійская прапаганда, бо яна больш за год актыўна прасоўвала фэйкі пра мабілізацыю ва Украіне.

"Па сацсетках актыўна качаюцца расійскія тэзісы. Цэлы набор, пачынаючы ад "ААА, усіх гоняць на мяса" (што, мякка кажучы, зусім не адпавядае рэчаіснасці) і заканчваючы тэзісамі, што "ў нас не такая дзяржава, за якую гатовыя ваяваць". Гэтая аргументацыя памылковая і хлуслівая, але факт у тым, што яе год разганялі. І мы сапраўды самі дазволілі гэта рабіць", — кажа ў размове з Hromadske Дзікі.

На яго думку, Украіна страціла час, бо неабходнасць вялікай мабілізацыі стала відавочная яшчэ ўвосень 2022-га, калі Пуцін абвясціў пра мабілізацыю ў РФ.

"Але замест таго, каб тады ж спакойна ўрэгуляваць недахопы нашай мабілізацыйнай сістэмы, падумаўшы, што для гэтага трэба наладзіць у заканадаўстве, мы больш за год заплюшчвалі вочы і спадзяваліся, што рассмокчацца. Таму, уласна, з мабілізацыяй мы паўтарылі сваю памылку, як і наогул з пачаткам вялікай вайны, калі ва ўпор не верылі, што яна будзе", — кажа ён.

Прачытаць падрабязней пра сітуацыі з мабілізацыяй ва Украіне і магчымыя сцэнары яе развіцця вы можаце на сайце Hromadske.

"У нас ёсць два варыянты — прайграць гэтую вайну або выйграць. Як выглядае пройгрыш вайны — мы бачылі на прыкладзе Бучы. Нам ён можа не падабацца, але гэта факт. Гэта вызначыў наш вораг, і мы не можам гэта змяніць", — заключае ў канцы матэрыялу Дзікі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі