"Так, мы будзем ісці вызваляць Беларусь". Полк Каліноўскага гастралюе па Еўропе
Дзяніс "Кіт" Прохараў, камандзір палка Каліноўскага (справа) і яго намеснік Вадзім Кабанчук (злева).
Кіраўніцтва палка беларускіх дабраахвотнікаў імя Кастуся Каліноўскага, што ваюе на ўкраінскім баку, ездзіць па Польшчы і адказвае на няёмкія пытанні. Гэтую задачу на сябе ўзялі камандзір Дзяніс "Кіт" Прохараў і яго намеснік Вадзім Кабанчук. Турнэ, якое закране таксама Чэхію і Германію, пачалося ў Варшаве 21 студзеня і там жа скончыцца 1 лютага. Каліноўцы дзякуюць беларусам за падтрымку і не хаваюць, што яна ўсцяж патрэбная: вайна ідзе, не хапае рэкрутаў і грошай.
Сустрэчу ў Кракаве прызначылі… у бары з ёмістай назвай "Праўда", што знаходзіцца ў завулку між Вавельскім замкам і яўрэйскім кварталам Казімеж. Тут ёсць невялічкая сцэна на драўляным памосце, як у вясковых ДК, на сцяне вісіць герб Украіны, а за барнай стойкай працуюць хлопцы, якія гавораць па-руску, украінску і беларуску.
На ўваходзе наведвальнікаў сустракалі хлопцы ў чорным і балаклавах. Такога яшчэ не бачыла ніводная пітная ўстанова ў Кракаве. У Варшаве, пішуць, тэлефоны прасілі пакінуць на уваходзе, але тут проста прапаноўвалі выключыць. На вокны, у якія з вуліцы магчыма было падглядзець на сцэну і на экран на сцяне, паставілі заслоны.
Жадаючых паглядзець на ваяроў і паслухаць іх было, на вока, каля паўсотні чалавек. Прыйшлі не толькі беларусы, але таксама палякі і ўкраінцы. Мужчын заўважна больш, чым жанчын, але жанчыны праяўлялі актыўнасць і бралі слова, каб задаць пытанне.
Дзяніс "Кіт" і Вадзім Кабанчук прывіталі прысутных воклічамі "Жыве Беларусь" і "Слава Украіне". Пачалі яны з падзякі ўсім беларусам і не толькі за дапамогу і падтрымку. А потым прысвяцілі хвіліну маўчання загінулым паплечнікам. Камандзір зачытаў іх імёны:
— Ілля "Ліцьвін" Хрэнаў, Зміцер "Тэрор" Апанасовіч, Павел "Волат" Суслаў, Іван "Брэст" Марчук, Васіль "Атам" Грудавік, Васіль "Сябро" Парфянкоў, Вадзім "Папік" Шатроў, Міраслаў "Мыш" Лазоўскі, Мікалай "МММ" Молакаў, 11 ваяроў, імёны якіх нельга называць з пытанняў бяспекі, і іншыя беларускія і ня толькі добраахвотнікі, якія загінулі падчас вайны супраць Расійскай імперыі.
Ці чакаць ад ПКК дыверсій?
Пасля кароткай самапрэзентацыі перайшлі да пытанняў ад прысутных. Вайскоўцы выглядалі абсалютна безэмацыйнымі. Ніводнага разу ні ўсміхнуліся, ні паварушылі нават брывом. Не заўважна было ані рэакцыі на прыемныя словы падзякі, ані на нязручныя або надакучлівыя пытанні пра адное і тое ж, але іншымі словамі. Нават спантанны вокліч спозненага наведніка "Слава Украіне, Алаху акбар" не засмуціў спікераў. Яны толькі вытрымалі паўзу.
— Гэта залежыць толькі ад беларусаў, найперш, ад беларусаў у сярэдзіне краіны. Тое, што мы знаходзімся зараз на вайсковых білетах УСУ (Узброеных сіл Украіны) — гэта пытанне працэдурнае, таму што гэта дае нам магчымасць легальна ваяваць і сацыяльна выжываць ва Украіне. Для нашых хлопцаў пытанне вызвалення Беларусі — пытанне №1, мы тым ці іным чынам далучымся да супраціву і барацьбы ў сярэдзіне краіны, — пераконвае Вадзім Кабанчук, намеснік камандзіра палка.
— Але як мы будзем вызваляць Беларусь, падпарадкоўваючыся УСУ? — працягвае тэму дзяўчына з зала. — Чаму б палку Каліноўскага не стаць на шлях дыверсій, не аб’явіць збор данатаў на дрон, які б ударыў па стратэгічным аб’екце ў Беларусі? Такое пытанне перадалі вам беларусы, што цяпер жывуць у краіне.
— Армія — гэта найперш дысцыпліна, гэта іерархія. І калі ад камандзіра, які стаіць вышэй, няма загаду на тую ці іншую дзейнасць, яна проста не вядзецца. Інакш гэта была б банда бацькі Махно, — бярэцца адказваць Вадзім Кабанчук.
Як мы можам вызваліць Беларусь? Вельмі яскравы прыклад — як былі вызваленыя з-пад фашысцкай акупацыі шмат якія краіны Еўропы падчас Другой сусветнай вайны. Там ці наогул не вяліся баявыя дзеянні, ці на мінімальным узроўні. Пасля таго, як абрынуўся Берлін, гэтыя краіны былі аўтаматычна вызваленыя. Нарвегія, Данія, Грэцыя, Албанія, Югаславія. Для нас галоўная барацьба — гэта імперыя, гэта Масква, гэта Крэмль. Будзе зламаная моц і будуць выбітыя зубы Расійскай Федэрацыі ва Украіне — рэжым Лукашэнкі абрынецца.
Сваім меркаваннем наконт дыверсій у Беларусі падзяліўся камандзір Дзяніс Прохараў.
— У ваеннай справе не можа быць усё так відавочна. Зрабіць атаку дронамі — рэальна магчыма. Але трэба разумець, што Украіне зараз не трэба правакацый. Чаму [дыверсіі] на тэрыторыі Расіі — гэта не правакацыі? Бо гэта прамы вораг. А Беларусь зараз — не прамы вораг. Так, яна суагрэсар, але вы павінны разумець, што гэта будзе разцэненае як правакацыя, якая вельмі непатрэбная зараз боку Украіны. Я нагадаю: Украіна зацікаўленая ў тым, каб Беларусь была пад бел-чырвона-белымі сцягамі без рэжыма імперыялізму.
Такі адказ для аўдыторыі не выглядае вычарпальным. Мужчына, якому не хапіла месца на крэслах, з бел-чырвона-белым сцягам на плячах, кажа, што рыхтаваўся — запісаў пытанні да каліноўцаў у тэлефон, шкада, што яго загадалі выключыць. Але фармулюе па памяці тую самую думку:
— Так, мы будзем ісці вызваляць Беларусь. І на гэты час мы робім усе магчымыя крокі для гэтага. У мяне ёсць шмат сяброў украінскіх, якія чакаюць гэтага і хочуць з намі паехаць, і пытаюцца, ці возьмем мы іх з сабой, — адказвае "Кіт".
Ці падтрымаюць каліноўцаў УСУ і беларускія вайскоўцы?
У працяг гэтага з месца падымаецца дзяўчына. Яна гаворыць па-украінску і распавядае, што яе брат цяпер ваюе ва Украіне і гатовы дапамагаць каліноўцам у паходзе на Беларусь.
— Вы заручыліся падтрымкай ва УСУ, іншых структурах, наконт таго, што ў нейкі момант вы можаце развярнуцца і пайсці вызваляць Беларусь? — цікавіцца ўкраінка.
— У нас ёсць пячоры ў Беларусі пад Салігорскам, там ёсць шмат тэхнікі цікавай. А на Палессі яшчэ працуюць ваенторгі. І вось калі настане час вызвалення Беларусі, багата дабравольцаў набудуць зброю, дастануць яе са схронаў, і ўкраінскія пабрацімы будуць побач з намі, мы гэта ведаем, — толькі і кажа на гэта Вадзім Кабанчук.
Яшчэ адна дзяўчына пытаецца пра фінансаванне. Полк адназначна заяўляе, што яны супраць размеркавання грошай чыёйсьці рукою або праз "фонды-пракладкі", але хочуць прымаць данаты наўпрост. Яны гатовыя за гэта справаздачыцца і ўжо агалошвалі вынікі аўдыту.
Малады хлопец спытаўся:
— Ці гатовы ПКК аб’яднацца з той часткай беларускай арміі, якая вырашыць паставіць супраціў Расіі, калі тая раптам канчаткова акупуе Беларусь па прыкладзе так званых ДНР і ЛНР і Крыма?
— Я думаю, што ў 2022 годзе Лукашэнку спыніла тое, што ён разумеў, што армія нелаяльная рэжыму. Да нас вясной 22-га года звярталіся хлопцы з беларускага войска і якія падлягалі мабілізацыі, і казалі: абазначце нам умовы перахода да вас і калідоры, каб нас проста не забілі. Такіх людзей было б шмат. Я не сумняюся, што частка беларускага войска далучыцца да нас і мы разам будзем выкідваць маскалей з краіны.
Тое, што ў нас не вісяць над выканкамамі расійскія трыкалоры абсалютна не азначае, што мы не акупаваныя. Ёсць толькі два варыянты: ці мы краіна-суагрэсар, ці мы акупаваная тэрыторыя, — разважае Кабанчук.
Вострае пытанне прагучала ад "кракаўскіх змагароў і змагарак" пра беларусаў у расійскім палоне. Адказваць на яго ўзяўся камандзір:
— Вельмі балючае пытанне. Кожны раз мы размаўляем з нашым кіраўніцтвам, якое мае дачыненне да спісаў. Мы трымаем руку на пульсе, сочым за сітуацыяй. Гэта аперацыя, якая праводзіцца кіраўніцтвам. Шмат дэталяў, шмат перагавораў ідзе.
Мужчына-украінец пацікавіўся, якія патрэбы ёсць у палка Каліноўскага. Тыя прызналіся, што яны вельмі добра забяспечаныя, у некаторых момантах нават лепей, чым шараговыя воіны УСУ. Але вайна — "прорва, якая заўсёды патрабуе грошай і людзей":
— У нас ёсць велізарны спіс па пунктах ад самага патрэбнага да шкарпэтак, умоўна кажучы. Але што нам дакладна патрэбнае — гэта заўсёды будуць пікапы, заўсёды дроны, бо цяпер вайна дронаў з большага. І гэта заўсёды будуць грошы, бо пікапы трэба рамантаваць, бо дроны таксама мы рамантуем. За грошы могуць набывацца зноў-такі запчасткі для машын, грошы могуць ісці на падтрымку сем’яў або нашых параненых байцоў. То бок спіс патрэбаў вельмі вялікі, — падсумаваў Дзяніс "Кіт".
Пытанняў з зала было так шмат, што сустрэча расцягнулася больш, чым на дзве гадзіны. Але ж наведвальнікі трымаліся, слухалі ўважліва і нават не замаўлялі піва ў бары. Бо спярша перамога, а потым святкаванне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.