Прыглядаць за "МакДональдсам" Лукашэнка паставіў Алексіна — "Наша Ніва"

"МакДональдс" / Еўрарадыё
"МакДональдс" / Еўрарадыё

Сетка рэстаранаў "МакДональдс" трапіла ў сферу інтарэсаў бізнэсоўца Аляксея Алексіна, блізкага да Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта піша "Наша Ніва" са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Паводле інфармацыі выдання, кіраўніцтва Беларусі дала ўстаноўку: ні расіян, ні амерыканцаў на гэты рынак не пускаць.

Па франшызе "МакДональдс" у Беларусі працавала кампанія "КСБ Віктары Рэстараны". Яе ўласнік — казах Кайрат Баранбай, які мае сваяцкія сувязі з Нурсултанам Назарбаевым. Аднак цяпер ён у Казахстане трапіў пад следства.

На нарадзе 12 снежня Лукашэнка заявіў, што цяпер "Макдональдс" — "нашае прадпрыемства".

"Я ж вам на прыкладзе "Макдональдса" гэта казаў. Працаваў і працуе. І людзі прыходзяць. І прадукцыю вырабляюць нармальную. Але гэта ўжо наша прадпрыемства",перадае ягоныя словы БЕЛТА.

Гісторыя з "МакДональдсам" цягнецца ў Беларусі з сярэдзіны лістапада, калі сетка заявіла, што пакідае Беларусь. Пасля гэтага Лукашэнка заявіў, што на на гэтае месца павінен прыйсці беларускі вытворца. Па яго словах, тэхналогія працы ў рэстаране простая: "У нас што, булачку напалову не могуць разрэзаць і ўпіхнуць у гэтыя дзве палоўкі кавалачак мяса, бульбы і салаты?"

Спярша меркавалася, што замест "МакДональдса" з'явіцца расійская сетка "Вкусно — и точка". Але з 27 лістапада сайт сеткі перанакіроўвае наведвальнікаў на новую старонку ksbv.by — гэта абрэвіятура "КСБ Віктары". Самі супрацоўнікі рэстаранаў казалі, што не ведаюць, да каго цяпер належаць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі