Прыкінуўся доктарам, каб паказаць увесь жах у лякарнях

Сяргей Самборскі / Coda
Сяргей Самборскі / Coda

Сяргей Самборскі — 27-гадовы зваршчык з Томска. У канцы кастрычніка пра яго і яго хворую на каранавірус бабулю даведалася ўся Расія. Але яго спробы расказаць праўду пра сітуацыю з пандэміяй у краіне абярнуліся супраць яго.

Спачатку гісторыю Сяргея перакруцілі дзяржаўныя СМІ, потым яго выклікалі ў Следчы камітэт і сказалі, што яго відэа з чырвонай зоны томскай лякарні — мантаж. Калі стала ясна, што ўлады не толькі не маюць намеру нічога слухаць, але наогул збіраюцца арыштаваць яго, ён уцёк у Грузію.

Партнёр Еўрарадыё — выданне Coda сустрэлася з Сяргеем у Тбілісі. Цяпер і за межамі Расіі ён не адчувае сябе ў бяспецы. Са зразумелых прычын Сяргей не дзеліцца сваімі планамі на будучыню.

Інтэрв'ю было адрэдагавана і скарочана.

"Жонку былую так не люблю, як любіў бабулю"

Маю бабулю звалі Юлія Фёдараўна. Яна выкладала рускую мову, літаратуру і гісторыю, вельмі шмат светлых галоў вывучыла, палова ўжо маюць ступені навуковыя, магістарскія ступені, доктара філалагічных навук. Яна самы светлы чалавек, якога я ведаў, самы годны. Яна навучыла мяне граць на фартэпіяна. Я нават родных, жонку былую я так не люблю, як любіў бабулю. Яна мяне выхоўвала з дзяцінства, жорстка спецыяльна, каб больш-менш нармальным чалавекам вырас. Вось і вырас не зусім нармальным, але задавальняе цалкам. Я за бабулю ў агонь і ваду гатовы быў ісці.

У Томску я працаваў зваршчыкам. У мяне было ціхае, размеранае, спакойнае жыццё, ніякіх праблем не было. Сяброў было няшмат, але затое сапраўдныя. Жыў з жонкай, братам і бабуляй.

Томск — вельмі прыгожы горад. Я патрыёт свайго горада, таму што я там жыў і нарадзіўся. Я ведаю ўсе лясы, усе рэкі і ўсё гэта ведаю, у радыусе 100-150 км. Людзі там добрыя, а вось з уладай праблема.

"Сябар выклікаў "хуткую", да яго прыехалі праз месяц"

Людзі ў лякарнях паміраюць. Яны лечаць тымі лекамі, якія СААЗ [Сусветная арганізацыя аховы здароўя] не рэкамендуе для людзей з цяжкім праходжаннем хваробы, якое было ў маёй бабулі, напрыклад арбідол. Грыпферон бабулі наогул незразумела навошта прызначылі. І ўсё роўна, ці зламаная ў цябе нага, адкрыты пералом нагі, калі ў цябе тэмпература большая за 37,1, цябе вязуць адразу ў "кавідарый", нават калі ты цалкам здаровы, там аперуюць і там пакідаюць. Калі табе дрэнна, выклікаеш "хуткую", яны прыязджаюць праз шэсць дзён. У мяне сябар, ён выклікаў "хуткую", да яго прыехалі праз месяц. Ён кажа: "Вы што, ідыёты? Я ўжо перахварэў". Я вам клянуся. Гэта смешна, проста такі абсурд.

Мяне не датычыліся праблемы, я не сутыкаўся з вялікай несправядлівасцю, але з бюракратыяй так, кожны дзень. Каб бабулі выбіць каляску інвалідную атрымаць, якая таксама ёй належыць па законе, я шэсць месяцаў тэлефанаваў, прасіў каляску.

"Бабуля ляжыць на насілках, на каталцы, голая, з маскай медыцынскай на падбародку"

Маёй бабулі было 84 гады, у яе быў Альцгеймер. Я даглядаў яе дома. Яна была часткова паралізаваная, поўная атрафія цягліц. Я мяняў ёй падгузкі, карміў яе, мыў. 21 кастрычніка, каля пяці гадзін вечара, я гатаваў ёй ежу, і раптам яна пачала "булькаць". Паварочваюся, а ў яе прост пена, слізь, вочы закаціліся, вусны пасінелі. Я яе перавярнуў, кінуў неяк сабе на калені — выйшла слізь. Я паклаў назад і выклікаў хуткую.

Калі я прыехаў у лякарню, бабулю ўжо павезлі на КТ. Я падыходжу да рэгістрацыі і пытаюся, дзе такая і такая. Яны кажуць: да канца калідора і туды. Людзі сядзяць, чалавек 50, кашляюць. Усе з кавідам. Я праходжу, бабуля ляжыць на насілках, на каталцы, голая, з маскай медыцынскай на падбародку, дрыжыць. Я шукаю лекара, кажу — холадна. Ён пайшоў, хвілін 15 шукаў санітара. Прыйшоў санітар, павёз у пакой, дзе пацверджаны кавід, і кажа "заходзь".

Потым я пайшоў шукаць бабулю. Яна ляжала ў палаце з пяццю ложкамі, усе пацыенты — кавідныя. Лекар сказаў, што ёй патрэбен кісларод. Я запісаў нумар тэлефона жанчыны, яе суседкі па палаце, і пайшоў прыкладна праз гадзіну. На наступны дзень я патэлефанаваў гэтай жанчыне. Яна сказала, што ніхто да маёй бабулі не прыходзіў. Ніхто не карміў яе, не мыў і не мяняў падгузкі. Пролежні ёй не апрацоўвалі, не кармілі, далі адзін шпрыц вады.

Гэта проста стала бомбай навінавай. Я чалавек імпульсіўны, мяне ахапілі адразу пачуцці, эмоцыі, я адразу пабег, прост адразу.

Я прасіў лекара па-нармальнаму мяне туды пусціць, я гатовы быў захварэць, падпісаць усе паперы. Ён мяне запэўніваў, што з бабуляй усё добра і будзе ўсё добра. Я выйшаў, паглядзеў, як санітары выходзяць у гэтым жа адзенні на вуліцу, у якім яны ўваходзяць у кавіднікі, кураць, у брудных бахілах заходзяць назад. Стаяла "хуткая дапамога", я купіў у іх ахоўны касцюм. Яны, вядома, не маюць права, але гэты касцюм ахоўны рублёў 400 каштуе, а яны мне прадалі за тысячу. Гэта Расія.

"Кіслародная маска на лбе"

За будынак зайшоў, пераапрануўся, узяў і прайшоў. Аховы няма, адчыненыя дзверы, я пачаў здымаць, але ніхто на мяне коса не паглядзеў. Спытаў — "дзе?", сказалі — "там", усё.

Калі я прыйшоў да бабулі, я быў у жаху. Яна была ў агульнай палаце, яна была прывязаная, уся рука ў сіняках, увагнутасці ад павязак. Кіслародная маска на лбе, падгузак у выдзяленнях, пролежні проста чырвонай фігнёй памазалі, усё. У яе тры пролежні: адзін на калене і два на сцёгнах. Правую павязку памянялі, а левую, яе нават пераварочваць не сталі, левая старая была.

Як гэта растлумачыць? Гэта абыякавасць, лянота. І гэта не выключэнне. Гэта адбываецца ў лякарнях па ўсёй Расіі, мне напісалі тысячы людзей са сваімі гісторыямі.

Я правёў 8 ці 9 гадзін у аддзяленні. Я выходзіў і ў асноўным хаваўся, каб проста мяне лішні раз не пыталіся. Дзесьці жанчына прасіла вады прынесці, там паправіў пасцельную бялізну, тут смецце сабраў.

25 кастрычніка, у нядзелю, быў мой апошні дзень у лякарні. Я прыйшоў туды. Мяне тады ўжо раскусілі, што гэта я. Я сеў да бабулі на ложак. Яна мне кажа: "Сярожа, я цябе люблю". Яна пазнала мяне на некалькі секундаў, да гэтага яна мяне тры гады не памятала. Гэта таго каштавала.

Я адправіў відэа мясцоваму каналу ТВ2, гэта найлепшы рэгіянальны канал, яны заўсёды асвятляюць рэальныя праблемы людзей і кажуць праўду, колькі б разоў ім ні пагражалі. За 2-3 дні мая гісторыя разляцелася па ўсёй Расіі. Спачатку я заставаўся ананімным, мяне называлі "ўнукам з Томска". Пасля таго як ТВ2 апублікаваў маю гісторыю, паліцыя канфіскавала іх запісы і выклікала рэдактара Аляксандра Сакалава на допыт.

Я думаў, Масква дапаможа. Таму што ў Маскве не ведаюць, што робіцца ў рэгіёнах. Можа, ведаюць дзесьці на сваіх узроўнях, але афіцыйна пра гэта не гавораць, афіцыйна ва ўсіх усё добра. Масква — гэта асобная дзяржава ў Расіі. Нават омскі гурт 25/17 спявае: мая Масква — гэта сталіца тваёй краіны. Гэта асобная дзяржава, там жывуць іншыя людзі, там іншыя законы. Я паляцеў у Маскву, таму што гэта было апошняй апорай надзеі.

Притворился врачом, чтобы показать весь ужас в больницах
Сяргей Самборскі / Coda

"Я прыйшоў у адміністрацыю прэзідэнта, напісаў заяву. Але мне прыйшлі адусюль адпіскі"

Гэта быў мой першы раз у Маскве. Я залез у даўгі, каб туды паляцець, таму што грошай не было. Я прыйшоў у Следчы камітэт, уключыў відэа. Мне сказалі: вы, вядома, можаце напісаць заяву, але рэакцыя будзе праз месяц, можа быць. Я яму прапаноўваў паглядзець відэа, казаў, што гатовы даць відэа і фатаграфіі, а ён проста казаў: "І што гэта дасць?"

Пасля Следчага камітэта я паехаў у Генеральную пракуратуру. Там была жанчына-пракурор, яна вельмі дапамагла, яна адразу пабегла раіцца. Праз паўгадзіны мне патэлефанавалі з Томска і сказалі: "А чаму вы да нас не звярнуліся?" Я прыйшоў у адміністрацыю прэзідэнта, напісаў заяву. Але мне прыйшлі адусюль адпіскі.

"Мяне абвінавачвалі ў тым, што я ўсё гэта рабіў дзеля бабулінай пенсіі"

Пакуль я быў у Маскве, мая гісторыя стала навіной нацыянальнага маштабу. Мяне вельмі моцна пакрыўдзіў канал РЕН-ТВ, горш за ўсіх, агідны канал, таму што ў мяне з імі была дамоўленасць, што яны мае звесткі раскрываць не будуць — твар мой, бабулін, усе часткі цела замажуць. Яны без цэнзуры ўсё выклалі. Дзяржаўныя каналы, прарасійскія, кіраваныя ўладай, зрабілі гэта спецыяльна, каб ачарніць мяне. Мяне абвінавачвалі ў тым, што я ўсё гэта рабіў дзеля бабулінай пенсіі, што я біў яе, прыкоўваў да батарэі, марыў голадам, трымаў як палонніцу. Усё таму, што я раскрыў вочы на праўду пра медыцыну ў Томску, у Расіі, пра ўладу.

Цяпер яны ўсімі спосабамі спрабуюць мяне ўтапіць. Мая гісторыя прымусіла людзей думаць пра тое, што іх блізкія памерлі не ад хваробы, а ад абыякавасці лекараў. Вось гэтым усё сказана. Я не здзіўлены. Таму што ў нас у Расіі людзям абы нагоду даць цябе з'есці, яны з'ядуць.

Калі я вярнуўся ў Томск, у той жа вечар мяне выклікалі на допыт у мясцовы Следчы камітэт. Яны папрасілі мяне аддаць тэлефон і сказалі, што падазраюць, што відэа — мантаж, што я змантаваў кадры і ўсё гэта выдумаў. Яны пагражалі арыштам і ператрусам, але я адмовіўся аддаваць тэлефон.

"У даведцы аб смерці была пазначана прычына смерці — пнеўманія, без каранавіруса"

Бабуля — дзіця вайны, яна галадала. Яна ссыльная, яна рэпрэсаваная. Хоць нейкую павагу б праявілі за памылкі мінулага. Такая крывадушнасць, карупцыя, проста карупцыя.

30 кастрычніка ў 7:32 яна памерла. Мне лекар патэлефанаваў і сказаў, што прычына смерці вельмі незразумелая, у яе спыніўся зварот крыві. У даведцы аб смерці была пазначана прычына смерці — пнеўманія, без каранавіруса.

Я паразмаўляў з чалавекам, які працуе ў органах. Ён намякнуў, што мне трэба з'ехаць, таму што абмяркоўваюць магчымасці завядзення ў дачыненні да мяне справы. Я пахаваў бабулю і адразу пасля гэтага з'ехаў.

"Я чалавек рускі, я паліцыю баюся"

Ужо я ў Грузіі таксама не адчуваю сябе ў бяспецы, таму што гэта не мае сваякі прыязджалі да мяне. Да мяне падышлі тры чалавекі і прапанавалі вярнуцца на радзіму. Гэта былі не мае сябры, і на радзіму мяне, думаю, мае сябры не сталі б клікаць. Гэта людзі, неяк звязаныя з уладай. Я чалавек рускі, я паліцыю баюся. Я не магу да гэтага часу прывыкнуць, што тут паліцыя добрая. Калі чую "краканне" паліцыі на вуліцы, я адразу напружваюся. Гэта адгалоскі Расіі.

Я не планаваў кудысьці з'язджаць наогул. Мяне не тое каб усё задавальняла, я сябе адчуваў спакойна, я быў упэўнены, што я магу заплаціць за камуналку, зарабіць, паесці купіць, машыну заправіць. Я думаў, у мяне бабуля памрэ спакойна дома, як мае быць, у сне, можа быць, мроя яе была. А ў выніку памерла ў сабачых умовах.

Сёння мне споўнілася 27 гадоў. Спадзяюся, гэта не апошні мой дзень нараджэння. Спадзяюся я яшчэ правяду на волі свае дні нараджэння.

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы "Медиасети".

Запісала Каця Пацін. Фота: Еленэ Шэнгелія

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі