Прыкрываючыся абаронай дзяцей, улады могуць узмацніць цэнзуру ў сецiве

Абарона дзяцей ці цэнзура? / pexels.com
Абарона дзяцей ці цэнзура? / pexels.com

“Пад соусам дзіцячай абароны заўсёды прасоўваюцца самыя жорсткія формы цэнзуры”, — каментуе Еўрарадыё прадстаўнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta прапанову Генпракуратуры Беларусі ўзмацніць кантроль за знаходжаннем дзяцей у інтэрнэце.

Разам са спецыялістам разбіраемся, што ў гэтай ініцыятыве не так і як можна абараніць блізкіх не толькі ад шкоднай інфармацыі ў сеціве, але і ад такіх дзяржаўных ідэй.


Еўрарадыё: Дзяржава сапраўды раптам вырашыла заняцца абаронай дзяцей ці гэта нешта іншае?

Human Constanta: Звычайна, калі ўлады анансуюць, што вось зараз пачнуць абараняць дзяцей ад шкоднай інфармацыі, гэта добрая нагода напружыцца і пашукаць сапраўдную прычыну таго, навошта гэта робіцца. Так было заўсёды. У Расіі пад прыкрыццём забароны інфармацыі, якая шкодзіць дзецям, таксама ўводзілася шмат інструментаў цэнзуры.

Адпаведна, чакаць, што менавіта цяпер беларуская дзяржава раптам вырашыла сфакусавацца на абароне дзяцей у інтэрнэце, не выпадае. Хутчэй гаворка ідзе пра нейкае далейшае развіццё інструментаў тэхнічнай цэнзуры, фільтрацыі кантэнту, блакаванні. Магчыма, нават пра пакаранне за карыстанне той ці іншай інфармацыяй.


Еўрарадыё: Як гэта можа выглядаць?

Human Constanta: На сёння ў Беларусі існуе даволі шчыльная цэнзура. Інфармацыя блакуецца, фільтруецца на заканадаўчым узроўні. Тое, што мы называем іншадумствам, заканадаўства трактуе як экстрэмізм. 

Прыкрываючыся абаронай дзяцей, улады могуць узмацніць цэнзуру ў сецiве
Забароны закрануць усіх / https://pixabay.com

Нейкія сайты будуць заблакаваныя, але гэта было і раней. Што да часу, то цікава, ці будуць дадатковыя інструменты адсочвання людзей на прадмет таго, хто яны і чым займаюцца.

Прыкладаў, як адрозніць актыўнасць дзяцей у інтэрнэце ад актыўнасці дарослых у інтэрнэце, я не бачыў.


Еўрарадыё: Ці ёсць паспяховыя практыкі абароны дзяцей у інтэрнэце?

Human Constanta: Тут патрэбны комплексны падыход, калі ў працэсе задзейнічаныя і дзяржава, і правайдары, і бацькі. Калі мы кажам пра дзяржаву, гэтым мусяць займацца сацыяльныя службы і сістэма адукацыі агулам.

Гаворка не пра тэхнічныя абмежаванні, а хутчэй пра тлумачэнне бацькам, як карыстацца гаджэтамі, настройваць сістэму бацькоўскага кантролю.

Калі казаць пра правайдараў, то яны не праз забарону дзяржавы, а самі могуць блакаваць нейкі шкодны кантэнт, напрыклад, парнаграфію. Яшчэ раз: гэта не цэнзура з боку дзяржавы, а самарэгуляцыя на ўзроўні індустрыі. У Беларусі такіх спробаў няма. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі