У Беларусі хочуць увесці адказнасць за прагляд порна з непаўналетнімі

Перш чым прыняць рашэнне, у МУС хочуць правесці апытанне ў сябе на сайце / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Перш чым прыняць рашэнне, у МУС хочуць правесці апытанне ў сябе на сайце / ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Міністэрства ўнутраных спраў прапануе ўвесці адказнасць за прагляд парнаграфіі з удзелам непаўналетніх. Пра гэта заявіў намеснік міністра Генадзь Казакевіч на прэс-канферэнцыі, прысвечанай барацьбе з педафіліяй у Беларусі.

"Намі ініцыяванае ўвядзенне адказнасці за выраб, набыццё, захоўванне і прагляд порнаматэрыялаў з выявай заведама малалетняга або непаўналетняга", — заявіў ён. Цытату прыводзіць рэсурс reform.by. Ведамства таксама плануе зладзіць апытанне, як грамадзяне ставяцца да такой ініцыятывы. Галасаванне арганізуюць на сайце МУС.

Колькасць злачынстваў супраць палавой свабоды або палавой недатыкальнасці, дзе ахвярамі былі дзеці, у Беларусі расце. За апошнія сем гадоў іх колькасць павялічылася больш чым у 3 разы. Толькі за мінулы год "зарэгістраваныя больш за тысячу выпадкаў падобнага гвалту над дзецьмі, па якіх распачатыя крымінальныя справы", заявіў на прэс-канферэнцыі намеснік старшыні Следчага камітэта Сяргей Аземша. У 2022 годзе да крымінальнай адказнасці за педафілію прыцягнута больш за 420 чалавек, у тым ліку пяць жанчын.

Аземша таксама адзначыў, што асноўнай прычынай такіх злачынстваў з'яўляецца пагарджанне нормамі маралі. Людзей з псіхічнымі адхіленнямі, па яго словах, сярод выяўленых педафілаў няшмат. "За апошнія 6 гадоў толькі ў 88 асоб з больш чым 2 200 абвінавачаных устаноўлены такі разлад аддавання палавой перавагі", — адзначыў Аземша.

Ад дзеяння педафілаў часцей за ўсё пакутуюць дзеці, якія адчуваюць недахоп увагі ў сям'і, дадаў прадстаўнік МУС Генадзь Казакевіч. Педафілы, з ягоных слоў, "здольныя ўмела маніпуляваць эмоцыямі дзіцяці, вызначаюць, у кім ён мае патрэбу: у сябры, дарадцы, або яму патрэбны клопат і ласка". Казакевіч таксама апісаў найбольш распаўсюджаны сацыяльны партрэт педафіла. Часцей за ўсё такія злачынствы здзяйсняюць адзінокія асобы (нежанатыя альбо разведзеныя), з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, раней не судзімыя, якія маюць працоўныя спецыяльнасці.

Між тым прадстаўнік BYPOL Мацвей Купрэйчык заявіў у інтэрв'ю Еўрарадыё, што афіцыйная статыстыка па такога роду злачынствах у Беларусі моцна скажоная. На справе сітуацыя яшчэ горшая, бо ў Беларусі проста няма каму шукаць педафілаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі