Прысуд медыяменеджара і палітвязня Канстанціна Залатых пакінулі без зменаў

Канстанцін Залатых / facebook.com/konstantin.zolotykh
Канстанцін Залатых / facebook.com/konstantin.zolotykh

Апеляцыйную скаргу медыяменеджара і палітвязня Канстанціна Залатых 4 ліпеня разгледзеў Вярхоўны суд Беларусі. Прысуд пакінуты без зменаў, паведамляе прэс-служба БАЖ.

6 красавіка дырэктар газеты "Белорусы и рынок" Канстанцін Залатых быў асуджаны на 4 гады калоніі агульнага рэжыму. Справу палітвязня ў закрытым рэжыме разглядаў Мінскі гарадскі суд (суддзя — Алена Шылько). Яго прызналі вінаватым у "распальванні варожасці", "абразе Лукашэнкі", "абразе прадстаўніка ўлады", а таксама ў "перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў".

Залатых затрымалі 18 траўня 2022 года пасля ператрусу ў рэдакцыі газеты. У справе ёсць некалькі эпізодаў з размяшчэннем каментароў у сацсетках, якія закранаюць афіцыйных асоб і Аляксандра Лукашэнку.

У чэрвені мінулага года беларускія праваабаронцы прызналі Канстанціна Залатых палітвязнем. Канчатковага вердыкту ён чакаў у следчым ізалятары № 1 Мінска. Цяпер яму давядзецца рыхтавацца да этапу ў калонію.

У снежні 2022-га газета "Белорусы и рынок", адно з апошніх незалежных выданняў у нашай краіне, спыніла выхад пасля 32 гадоў працы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі