Пуцін едзе ў Пхеньян і абяцае КНДР падтрымку ў змаганні з "падступным ворагам"

Кім Чэн Ын і Уладзімір Пуцін

Кім Чэн Ын і Уладзімір Пуцін / kommersant.ru

У паўночнакарэйскай газеце "Надон сінмун" апублікаваны артыкул расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна пад назвай "Расія і КНДР: традыцыі сяброўства і супрацоўніцтва скрозь гады". Ён прымеркаваны да візіту Пуціна ў Пхеньян, які пачынаецца сёння.

У артыкуле гаворыцца, што Расія "высока цэніць цвёрдую падтрымку" КНДР у баявых дзеяннях на Украіне і будзе падтрымліваць карэйскі народ у яго "супрацьстаянні падступнаму, небяспечнаму і агрэсіўнаму ворагу ў барацьбе за незалежнасць". Паводле традыцыі Пуцін згадвае гісторыю: падзеі Другой сусветнай вайны, Карэйскую вайну (1950 — 1953), а таксама свой першы візіт у гэтую краіну ў 2000 годзе. Ён таксама падкрэслівае, што "Пхеньян быў і застаецца нашым перакананым аднадумцам і прыхільнікам, гатовым рашуча супрацьстаяць імкненню калектыўнага Захаду перашкодзіць станаўленню шматпалярнага светапарадку". Расія, паводле яго, гатовая да цеснага ўзаемадзеяньня з КНДР. Для гэтага плануецца развіваць "непадкантрольныя Захаду механізмы гандлю і ўзаемных разлікаў", а ў далейшым — выбудоўваць "архітэктуру роўнай і непадзельнай бяспекі ў Еўразіі".

Раней улады Паўднёвай Карэі і ЗША заяўлялі пра тое, што Пхеньян пастаўляе Расіі, якая вядзе вайну супраць Украіны, боепрыпасы. У прыватнасці, на мінулым тыдні міністр абароны Паўднёвай Карэі Сін Вунь Сік расказаў у інтэрв'ю Bloomberg, што КНДР перадала Маскве ўжо 4,8 млн артылерыйскіх снарадаў і дзясяткі балістычных ракет. А намеснік дзяржсакратара ЗША Курт Кэмпбел на мінулым тыдні казаў, што Вашынгтон ведае пра ваенныя пастаўкі Пхеньяна Маскве, але не ведае, што той атрымлівае ад Расіі наўзамен.

Нагадаем, што летась з візітам у Расію прыязджаў кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын. Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Пуціну падумаць пра "супрацоўніцтва на траіх" з Пхеньянам. "Ведаю, што цікавасць вялізная ў карэйцаў да вас. Я думаю, кавалак працы і Беларусі там знойдзецца. З улікам тых праблемаў, якія існуюць", — заявіў тады Лукашэнка. Увесну гэтага года з паўночнакарэйскіх СМІ стала вядома пра візіт у Пхеньян намесніка міністра замежных спраў Беларусі Яўгена Шасткова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі