Пяскоў заявіў, што не мае звестак наконт прыбыцця Прыгожына ў Беларусь
Яўген Прыгожын / m24.ru
Крэмль не мае звестак аб прыбыцці ў Беларусь заснавальніка ПВК "Вагнер" Яўгена Прыгожына. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.
"Тут я не валодаю ніякімі данымі і нічога не магу вам сказаць", — цытуе ТАСС словы Пяскова ў адказ на адпаведнае пытанне.
Таксама прадстаўнік Крамля заявіў, што Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка "абменьваюцца думкамі і каардынуюць дзеянні літаральна кожны дзень".
Як распавядала Еўрарадыё, зранку 27 чэрвеня бізнес-джэт Прыгожына сеў на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам. Напярэдадні ў тг-каналах з'яўлялася інармацыя, быццам Прыгожына заўважылі ў мінскім гатэлі Green City. Але адміністрацыя гатэля не змагла пацвердзіць журналістам, што заснавальнік ПВК "Вагнер" спыніўся ў іх.
Пераезд Прыгожына ў Беларусь называўся ўмовай для спынення крымінальнай справы супраць яго за спробу ўзброенага мяцяжу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.